У Мінску загучыць яшчэ адзін сапраўдны арган

У Мінску загучыць яшчэ адзін сапраўдны арган

У Мінску загучыць яшчэ адзін сапраўдны арган. Яго збіраюць у канцэртнай зале “Верхні горад” па ініцыятыве бізнесмена, заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера.

Зала “Верхні горад” адкрылася ў 2011 годзе ў будынку царквы Святога Духа. Праз чатыры гады ў мінскай музычнай школе №2 для яго знайшоўся арган. Цягам трох гадоў валанцёры аднаўляюць і перавозяць складаны інструмент са школы ў царкву.

“Арган аднаўляецца з абломкаў, якія шмат гадоў прастаялі ў музычнай школе, — распавядае Еўрарадыё Юрый Зісер. — Інструмент перавозяць часткамі, цяпер засталіся неўсталяванымі некалькі вельмі цяжкіх труб. Арганны майстар адзін гэта не зробіць, таму звярнуліся па дапамогу да грамадскасці. Можна было б наняць грузчыкаў, але гэта дабрачынным праект, таму вырашылі зрабіць так”.

У Мінску загучыць яшчэ адзін сапраўдны арган
Фота з акаўнта Юрыя Зісера ў Фэйсбуку

У музычнай школе на аргане ніхто не граў: інструмент выкарыстоўвалі як упрыгожванне для сцэны. Але нават непатрэбны арган кіраўніцтва школы не хацела аддаваць.

“Амаль год не маглі дамовіцца, — дадае бізнесмен. — Навошта аддаваць? Гэта была пазіцыя старога дырэктара школы. Спатрэбілася пазіцыя ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама і асабістая пазіцыя Шораца [старшыня Мінгарваканкама. — Еўрарадыё], які ўзяў на сябе адказнасць за гэты перанос”.

Па словах Зісера, дэталі музычнага інструмента часткова раскрадзеныя — трэба замаўляць новыя. Плануецца, што ў зале “Верхняга горада” адрэстаўраваны арган загучыць наступнай восенню. У канцэрце возьме ўдзел і сам Юрый Зісер.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі