У Мінску запісалі ролік у падтрымку сясцёр Хачатуран, якіх судзяць у Маскве
У Мінску запісалі ролік у падтрымку сясцёр Хачатуран, якіх судзяць у Маскве. Неабыякавыя беларускі патрабуюць зняць з дзяўчат "несправядлівыя абвінавачанні", прыцягнуць да адказнасці структуры, якія "праігнаравалі шматгадовыя злачынствы Міхаіла Хачатурана і не абаранілі яго дзяцей і жонку". Яны прапануюць падпісаць петыцыю з патрабаваннем цалкам апраўдаць сясцёр Хачатуран.
Крэсціну, Ангеліну і Марыю Хачатуран абвінавачваюць у "забойстве групай асоб па папярэдняй змове", ім пагражае ад 8 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Іх падазраюць у забойстве летам 2018 года ў Маскве свайго бацькі, 57-гадовага Міхаіла Хачатурана (у яго былі шматлікія колата-рэзаныя раны. Следства высветліла, што бацька некалькі гадоў сістэматычна выкарыстоўваў у адносінах сваіх дачок (на момант забойства ім было 17,18 і 19 гадоў) фізічны і сексуальны гвалт. І, нягледзячы на гэта, дзяўчатам пагражае суровае пакаранне. Абарона патрабуе перакваліфікацыі абвінавачвання. Перагляду справы патрабуюць і шматлікія грамадскія ініцыятывы, праходзяць вулічныя акцыі.
Таксама аўтаркі роліка выступаюць за прыняцце ў Беларусі закона аб хатнім гвалце. Яшчэ адну петыцыю просяць падпісаць жаночыя НГА і ініцыятыва "Маршыруй, дзетка".
Удзельніцы акцыі выказваюць падзяку каледжу Liberal Arts у Беларусі, Лене Агарэлышавай і аператарцы Любові Зямцовай, прасторы, у якой праходзілі здымкі, кожнаму і кожнай за самаарганізацыю і магчымасць выказацца.
Раскажы той / таму, каму патрэбна дапамога:
Міліцыя
102
Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту (штодня з 8.00 да 20.00 без выхадных і святочных дзён) ― МГА "Гендарныя перспектывы"
8801 100 8 801
Тэлефон экстранай дапамогі для размяшчэння ў прытулак ГА "Радзіслава" для жанчын і іх дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту (кругласутачна)
8029 610 83 55
Крызісная лінія для пацярпелых ад гвалту жанчын БЖСГА "Правінцыя" (Барысаў) (Беларускае жаночае сацыяльнае грамадскае аб'яднанне). 8 (029) 756-35-24
Атрымаць падтрымку і дапамогу ў распрацоўцы плана далейшых дзеянняў у выпадку крызіснай сітуацыі можна таксама ад спэцыялістак БАМХЖ (Беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын)
8 (33) 6032032