У Мінску запускаюць 4G — што гэта такое

У Мінску запускаюць 4G — што гэта такое

У Мінску запускаюць мабільную сетку чацвёртага пакалення стандарту LTE. Што гэта значыць для карыстальніка мабільнай сувязі. Разбіраемся ў пытаннях і адказах.

 

Што такое 4G, LTE?

4G — гэта стандарт мабільнай сувязі, да якога адносяць тэхналогіі перадачы дадзеных хуткасцю больш за 100 Мбіт за секунду для мабільных абанентаў і больш за 1 Гбіт для стацыянарных.

LTE — гэта тэхналогія перадачы дадзеных, якую ў 2012 годзе прызналі стандартам чацвёртага пакалення.

 

Якая будзе хуткасць інтэрнэта?

У нас разгортваннем сеткі займаецца кампанія beCloud. Стандарт сувязі называецца LTE Advanced. Ён дазваляе перадаваць дадзеныя з максімальнай хуткасцю 150 Мбіт за секунду. Але кіраўніцтва кампаніі сцвярджае, што на першым этапе хуткасць будзе каля 30 Мбіт, а гэта не зусім 4G. МТС сцвярджае, што абаненты змогуць карыстацца інтэрнэтам на хуткасці да 112 Мбіт. Але больш дакладна можна будзе сказаць пасля тэстаў.

 

Ці ўсе абаненты адразу атрымаюць 4G?

4G запускае пакуль толькі МТС, таму працаваць яна будзе толькі ў абанентаў МТС з 18:00 17 снежня. І пакуль толькі ў Мінску. Таму падключацца да сеткі 4G можна будзе толькі ў Мінску.

Таксама ваш мабільны тэлефон павінен падтрымліваць тэхналогію LTE. Многія нават сучасныя тэлефоны падтрымліваюць толькі 3G, таму ў такіх абанентаў 4G не з'явіцца. Па звестках аператара, у Мінску такіх абанентаў каля 100 тысяч.

Падключыць 4G аператар абяцае да канца наступнага года ў абласных цэнтрах, да канца 2020 года — у райцэнтрах: больш за 50 тысяч чалавек.

Спачатку будзе разгортвацца сетка ў дыяпазоне 1800 МГц, а потым — 2600 МГц.

 

Якая розніца паміж 1800 і 2600 МГц?

Для абанента — ніякай. Калі ваш тэлефон падтрымлівае 4G, то ён будзе лавіць і 1800, і 2600. Гэта проста розныя частоты. Пранікненне сігналу частатой 1800 МГц нават лепшае, чым 2600 МГц.

 

Колькі каштуе 4G?

Карыстацца самой тэхналогіяй можна бясплатна, за гэта з вас не могуць браць дадатковыя грошы. Больш за тое, абаненты тарыфных планаў "СМАРТ", "СМАРТ+", "ULTRA" і лінейкі "Інет" да канца зімы змогуць карыстацца інтэрнэтам 4G безлімітна і бясплатна.

Гэта значыць, што калі ваш тэлефон падключаны да сеткі 4G, то трафік не ўлічваецца, калі да 3G ці іншых, трафік будзе спісвацца па вашым тарыфным плане.

Таксама МТС уводзіць некалькі новых тарыфных планаў для інтрэнэту з перадаплачаным трафікам на 25 і 50 гігабайт, яго можна траціць не толькі ў 4G. Але выглядае дарагавата — 234 і 320 тысяч за месяц.

 

Развіццё мабільнай сувязі 4G і 5G — адзін з пунктаў перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі. Але другі пункт дакладна не будзе выкананы ў гэты прэзідэнцкі тэрмін. Бо стандарт 5G Міжнародны саюз тэлекамунікацый збіраецца ўкараняць не раней за 2020 год.

У Мінску запускаюць 4G — што гэта такое

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі