У Мінску затрымалі двух кіроўцаў "за неабгрунтаваную падачу гукавога сігнала"
У Дзень Волі ў Мінску на праспекце Незалежнасці даішнікі затрымалі двух кіроўцаў "за неабгрунтаваную падачу [падчас руху] гукавога сігнала", паведамляе прэс-служба сталічнай ДАІ. Затрыманых завезлі для разбіральніцтва ў міліцыю. Адзначаецца, што "іх дзеянням даецца прававая ацэнка".
"Неабгрунтаваная падача гукавога сігналу" кіроўцамі была адной з формай пратэсту ў жніўні 2020-га і ў пазнейшы час.
Нядаўна начальнік сталічнай ДАІ Сяргей Бабіч расказаў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў мінулага года ў Мінску за падачу гукавога сігнала пакаралі 762 кіроўцы. Каля 150 з іх пазбавілі права кіравання. У абноўленым КаАПе, які нядаўна пачаў дзейнічаць, кажа Бабіч, ужо "дакладна рэгламентуюцца парушэнні дадзенай катэгорыі". За падачу гукавога сігнала пры правядзенні масавых мерапрыемстваў прадугледжаны штраф (290 рублёў) з пазбаўленнем права кіравання на тэрмін да 1 года (ці без пазбаўлення).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.