У Мінску затрымалі расійскага экстрэміста
Цяпер вырашаецца пытанне пра яго экстрадыцыю ў Расію.
Як паведамляе сайт расійскага Следчага камітэта, у Санкт-Пецярбургу нейкі час таму ліквідавалі экстрэмісцкую групоўку. Яе чальцы ўчынялі злачынствы на глебе расавай і нацыянальнай нецярпімасці.
На лаве падсудных апынуліся Георгій Цімафееў, які стварыў злачынную групу, а таксама 11 маладых людзей ва ўзросце ад 17 да 24 гадоў. З 2009-га па 2010 год яны ўчынілі дзясяткі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, сярод якіх забойства, падрыў аўтобуснага прыпынку, падпал храма. Зламыснікі здымалі свае злачынствы на відэа для распаўсюду. Усе чальцы злачыннай групы асуджаныя да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі.
Падчас следства быў выяўлены ўраджэнец Масквы 27-гадовы Аляксей Антановіч. Следчыя кажуць, што ён размяшчаў матэрыялы групоўкі ў інтэрнэце. У прыватнасці, у снежні 2009 года Антановіч абнародаваў відэаролік са зваротам чальцоў злачыннай групы. У ім былі экстрэмісцкія выказванні і сцэна забойства.
Пасля выстаўлення абвінавачання Антановіч уцёк і быў абвешчаны ў міжнародны вышук. Затрымалі яго 12 жніўня ў Мінску.
Фота — БЕЛТА