У Мінску затрыманы адзін з лідараў Беларускай партыі "Зялёныя" Дзяніс Тушынскі
У Мінску затрыманы сябра Цэнтральнай рады Беларускай партыі "Зялёныя" Дзяніс Тушынскі. Пра гэта ў Facebook паведаміў яе старшыня Дзмітрый Кучук. Паводле яго інфармацыі, раніцай у пятніцу ў кватэру Тушынскага прыйшлі амапаўцы са следчымі. Пасля ператрусу экаактывіста сілавікі забралі з сабой. Яны нібыта знайшлі "нейкі сцяжок".
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Дзяніс Тушынскі быў незалежным назіральнікам. Больш за два гады ён выкладаў англійскую мову на факультэце міжнародных адносін БДУ. У пачатку сакавіка сёлета даведаўся пра звальненне. Тушынскага неаднаразова затрымлівалі. 8 жніўня 2020-га яго схапілі разам з іншымі актыўнымі назіральнікамі на выбарах. Пасля ён апынуўся за кратамі пасля аднаго з восеньскіх маршаў. 16 лютага 2021-га яго затрымалі пасля таго, як замацаваў на дрэве маленькі бел-чырвона-белы сцяжок, і асудзілі на 15 сутак. Умовы на Акрэсціна Дзяніс Тушынскі параўноўваў з канцлагерам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.