У Мінспорту чакаюць, якое рашэнне прыме Домрачава наконт далейшай кар'еры
У Мінспорту Беларусі чакаюць, якое рашэнне прыме чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава наконт далейшай кар'еры. У эфіры тэлеканала "Беларусь 1" міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук адзначыў, што "якое яна рашэнне прыме, так і будзе". "Мы ж на гэтае рашэнне паўплываць не можам. Мы спадзяемся, што Даша застанецца і будзе працаваць у складзе нацыянальнай каманды. Мы верым у гэта, але як будзе — так будзе", — кажа міністр.
Па словах Кавальчука, ён размаўляў з Домрачавай і разумее яе "як чалавека і як спартсмена, які зрабіў вельмі шмат для сусветнага біятлону". "І я яе разумею як маці. У яе расце маленькае дзіця... А выхаванне дзіцяці займае дастаткова шмат часу", — сказаў міністр спорту.
Дар'і Домрачавай 3 жніўня споўніцца 32 гады. Яна — першая жанчына ў гісторыі нашай незалежнай краіны, якая атрымала званне "Герой Беларусі" (пасля заваявання трох залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях у Сочы). У ліпені 2016-га Домрачава ўзяла шлюб са знакамітым нарвежскім біятланістам Уле-Эйнарам Б'ёрндаленам. Праз тры месяцы ў іх нарадзілася дачка Ксенія.
Дар'я Домрачава "ў душы — пераможца... яна не можа сабе дазволіць быць другім нумарам", — адзначыў міністр спорту і турызму.