Ва ўрадзе распавялі, колькі плануюць сабраць грошай за кошт "кватэрнага" падатку
Да гэтага часу ўладальнікі кватэр плацілі падатак за другую і наступныя кватэры / БЕЛТА
За кошт новага падатку на кватэры, які ўладальнікі павінны будуць выплачваць з 2022 года, у Беларусі плануюць атрымаць блізу 45 млн рублёў, распавёў у інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэта "ніякі не новы плацёж, гэта проста адмена льготы, якая многія гады існавала". Нагадаем, з 2022 года чыноўнікі плануюць увесці падатак за першую кватэру, якая знаходзіцца ва ўласнасці грамадзяніна (цяпер уладальнікі плацяць такі падатак за другую і наступныя кватэры).
Яшчэ каля 20 млн рублёў у Мінску плануюць атрымаць з замежных інтэрнэт-крам — для іх ўводзіцца ПДВ. Налівайка нагадаў, што "нашы суб'екты гаспадарання плацяць усе плацяжы, прадугледжаныя заканадаўствам, той жа падатак на дабаўленую вартасць, а ў некаторых маркетплейсаў з'яўляецца магчымасць яго не выплачваць". Каб ліквідаваць гэты дысбаланс, паводле яго слоў, і было прынята рашэнне з 1 ліпеня ўвесці падатак на дабаўленую вартасць для замежных маркетплейсаў.
Пры гэтым міністр дапусціў, што сума паступленняў можа быць вышэй чаканых 20 млн рублёў.
"Я праводжу аналогію з электронным падаткаабкладаннем электронных паслуг. Мы там планавалі, што ў нас за першы год паступіць каля 8 млн рублёў, а па факце сабралі больш за 12 млн рублёў", — адзначыў Налівайка.
Раней расійскія СМІ пісалі, што ўвядзення ПДВ у Беларусі ў 2022 абыдзецца расійскім інтэрнэт-крамам у дадатковыя больш чым 50 млн долараў. Расійская Асацыяцыі кампаній інтэрнэт-гандлю (АКІТ) нават звярталася ва ўрад РФ па гэтай праблеме. Справа ў тым, што гэтыя кампаніі ўжо плацяць ПДВ у Расіі, з увядзеннем жа беларускага падатку гэты плацёж ім прыйдзецца рабіць другі раз. АКІТ прасіла прэм'ер-міністра Расіі Міхаіла Мішусціна "даць даручэнне сфармаваць і накіраваць у ЕЭК пазіцыю РФ аб недапушчальнасці ўвядзення двайнога падаткаабкладання".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.