У МУС паведамілі пра выяўленую ў Мінску сетку кол-цэнтраў махляроў
Сілавікі ў памяшканні кол-цэнтра
У МУС Беларусі паведамілі пра выяўленую ў Мінску сетку кол-цэнтраў махляроў. Сцвярджаецца, што спынена дзейнасць міжнароднай арганізаванай злачыннай групы. "Пад падставай вядзення інвестыцыйных праектаў ашуканцы завалодвалі вялізнымі сумамі даверлівых ахвяр, — заявілі ў МУС. — Даходы змоўшчыкаў складалі больш за мільён долараў у месяц. Сярод пацярпелых — грамадзяне краін СНД і Еўрасаюза".
У аперацыі ўдзельнічала Галоўнае ўпраўленне лічбавага развіцця Следчага камітэта, а таксама МУС РФ. Офісы зламыснікаў знаходзіліся ў Мінску і ў Маскве. З лютага 2020-га да студзеня 2024-га яны ажыццяўлялі "халодныя званкі" і прапаноўвалі грамадзянам розных краін (у тым ліку і Беларусі), сваё "садзейнічанне ў атрыманні высокага заробку на анлайн-інвестыцыях", абяцалі "гарантаваны даход і наступную яго выплату". Пры гэтым прапанаваныя інтэрнэт-рэсурсы з'яўляліся "фэйкавымі". Пры пераводзе пацярпелымі грошай на рэкамендаваную пляцоўку, іх скрадалі, але стваралася бачнасць даходу. Пры спробе вываду прыбытку арганізатары схемы пераставалі выходзіць з пацярпелымі на сувязь.
Падрабязнасці гучнай справы сілавікі абяцаюць распавесці ў чацвер на прэс-канферэнцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.