У музеі Якуба Коласа не дазволілі выставу да 130-годдзя брата класіка
Кіраўніцтва Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа адмовілася праводзіць выставу да 130-годдзя Міхася Міцкевіча — малодшага брата класіка. Міхась Міцкевіч, які пісаў пад псеўданімам Антось Галіна, вядомы як педагог, пісьменнік, рэлігійны дзеяч, які правёў шмат гадоў у эміграцыі.
Арганізаваць выставу хацела ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч. Аднак кіраўніцтва музея спаслалася на тое, што выстава не была запланаваная загадзя, таму патрэбны дазвол Міністэрства культуры, перадае Радыё "Свабода". Новае месца для выставы знайшлося ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
Падчас Другой сусветнай вайны Міхась Міцкевіч працаваў настаўнікам у Мікалаеўшчыне і школьным інспектарам. Летам 1944 года ён эміграваў у Нямеччыну, настаўнічаў у некалькіх лагерах для перамешчаных асобаў. У 1950 годзе Міхась Міцкевіч пераехаў у ЗША. Там ён выдаваў газету "Беларус" і часопіс "Голас царквы", дзе, дарэчы, друкаваліся і вершы Якуба Коласа. Акрамя таго, ён пераклаў на беларускую мову чатыры Евангеллі.