У Мёрскім раёне выявілі "транспартны ваенны сабатаж"
Суд / Еўрарадыё
У Віцебскай вобласці сёлета за чатыры месяцы суды разгледзелі 13 адміністрацыйных спраў паводле артыкула 24.40 КаАП (невыкананне ваенна-транспартнага абавязку). Летась такіх разглядаў было толькі дзевяць.
Як адзначаюць праваабаронцы "Віцебскай Вясны", лідарамі па колькасці выпадкаў "транспартнага ваеннага сабатажу" сталі прадпрыемствы Мёрскага раёна. За ўвесь мінулы год там было тры выпадкі невыканання прадпрыемствамі ваенна-транспартнага абавязку, а сёлета за чатыры месяцы — ужо сем. Прычым суддзі не пакаралі ўсіх парушальнікаў закона, спасылаючыся на адсутнасць адміністрацыйнага правапарушэння.
Напрыклад, 22 красавіка суддзя Ірына Яскевіч разглядала адміністрацыйную справу дырэктара сельскагаспадарчага прадпрыемства "Любінава" Васіля Хамёнка. Ваенкамат скардзіўся, што падчас праверкі "Любінава" аказалася не гатовае ў выпадку вайны прадаставіць войску неабходныя транспартныя сродкі — аўтамабілі МАЗ 555142, УАЗ 390945 і УАЗ 31631. Машыны не прайшлі дзяржаўны тэхагляд, а кіраўнік прадпрыемства не арганізаваў закладку камплектаў запасных частак, шанцавага инструменту і заправачнага інвентара для аўтамабіляў.
Хамёнак на судзе не прысутнічаў. Ён прызнаў віну і хадайнічаў, каб справу разглядалі без яго. Суддзя пастанавіла спыніць справу і вызваліла дырэктара ад адміністрацыйнай адказнасці. Яна спаслалася на тое, што ён прызнаў факт правапарушэння і пагадзіўся на вызваленне ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.