У МЗС Беларусі спадзяюцца, што ЗША адменяць санкцыі ў 2016 годзе
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі спадзяюцца, што 2016 год стане апошнім годам дзеяння амерыканскіх санкцый у дачыненні да нашай краіны. "Відавочна, што санкцыйныя рашэнні, прынятыя ў 2006 годзе адміністрацыяй Джорджа Буша і прадоўжаныя на чарговы год, грунтуюцца на першапачаткова няправільным пасыле аб тым, што Беларусь можа выступаць крыніцай пагрозы бяспецы ЗША", — цытуе словы прэс-сакратара МЗС Дзмітрыя Мірончыка БелаПАН.
Мірончык нагадаў, што ў апошнія гады Беларусь "робіць рэальны і шырока прызнаны ўнёсак у арганізацыю рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі". Таму нядаўняе рашэнне ўладаў ЗША проста "дублюе папярэднія аналагічныя акты і не ўлічвае змены ў беларуска-амерыканскіх адносінах, што адбываюцца".
МЗС Беларусі збіраецца працягваць дыялог з ЗША, каб санкцыі былі адмененыя яшчэ сёлета, у "юбілейны", дзясяты, год іх дзеяння.
Як паведамляла Еўрарадыё, днямі Злучаныя Штаты працягнулі на год санкцыі ў дачыненні шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Адпаведнае распараджэнне падпісаў амерыканскі прэзідэнт Барак Абама. У "чорным спісе" застаюцца асобы, якія маюць дачыненне да "падрыву беларускіх дэмакратычных працэсаў ці інстытутаў", парушаюць правы чалавека, маюць дачыненне да "палітычных рэпрэсій", да "затрыманняў і выкраданняў людзей", да "карупцыйных працэсаў".
Адзначым, што апошнім часам Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў па пацяпленне адносін Беларусі і ЗША.