У парламенце вырашаць лёс “дэкрэта аб дармаедах”
Дакумент можа быць канчаткова зацверджаны ўжо сёння.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёння будуць галасаваць па дэкрэце №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Паводле Канстытуцыі, дэкрэты кіраўніка краіны маюць часовы характар і павінныя ўхваляцца дэпутатамі. Спачатку тэкст дэкрэта трапляе ў адпаведную пастаянную камісію, потым дэпутаты яго вывучаюць, збіраюць заўвагі сваіх выбаршчыкаў на месцах, перадаюць іх у Палату прадстаўнікоў. Калі дэпутаты не прымуць дэкрэт, яго адправяць на дапрацоўку ў ведамствы, якія займаліся распрацоўкай тэксту дакумента. Пры гэтым самастойна карэктаваць дэкрэты кіраўніка краіны дэпутаты не маюць права.
Дэкрэт №3, больш вядомы як “дэкрэт аб дармаедах”, быў падпісаны кіраўніком краіны 2 красавіка. Згодна з ім, кожны непрацуючы жыхар краіны павінен аплаціць збор у 20 базавых велічыняў за год.
Дакумент адразу выклікаў шквал крытыкі з боку эканамістаў і праваабаронцаў. Юрысты Беларускага Хельсінкскага камітэта налічылі ў ім каля дзясятка парушэнняў Канстытуцыі, нацыянальнага заканадаўства і міжнародных пагадненняў.
Усё, што трэба ведаць пра Дэкрэт “аб дармаедах”
Фота: house.gov.by