У расійскай Чыце ў пункт прыёму металалому здалі ракету С-200. Яна выбухнула
Два чалавекі загінулі, адзін атрымаў раненні пры выбуху ў пункце прыёму металалому ў расійскай Чыце, паведамляе meduza.io.
Паводле папярэдніх звестак Следчага камітэта Расіі, работнікі прыёмнага пункта спрабавалі распілаваць снарад, таму ён выбухнуў. Тып боепрыпасу пакуль не вядомы.
Але каля пункту прыёму, як перадаюць расійскія СМІ, знайшлі дзве баявыя часткі зенітнага ракетнага комплексу С-200 "Ангара". Прычым адзін з боепрыпасаў небяспечны, яго неабходна вывезці і нейтралізаваць. Другая баявая частка ЗРК С-200 выбухам не пагражае, бо боепрыпас знаходзіцца ў "спячым рэжыме", кажуць у Расгвардыі.
Следчы камітэт Расіі пачаў крымінальную справу. Паводле інфармацыі следства, невядомая асоба незаконна набыла і захоўвала на тэрыторыі пункта прыёму металу невядомае выбуховае прыстасаванне.