У расійскім Белгарадзе дрон заляцеў у акно жылога дома — 370-я раніца вайны

Белгарадскія чыноўнік і спецслужбы на месцы падзення аднаго з беспілотнікаў / vk.com/v_v_demidov
Белгарадскія чыноўнік і спецслужбы на месцы падзення аднаго з беспілотнікаў / vk.com/v_v_demidov

У расійскім Белгарадзе ўчора знайшлі абломкі трох беспілотнікаў. Пра гэта напісаў у Telegram-канале губернатар вобласці Вячаслаў Гладкоў. "Пацярпелых няма, але ёсць разбурэнні: дзесьці выбітыя вокны, дзесьці нязначна пашкоджаныя аўтамабілі", — адзначыў Гладкоў.

Тым часам мэр горада Валянцін Дзямідаў удакладніў, што ў адным з раёнаў горада дрон заляцеў у акно кватэры. "Цяпер знаходжуся на месцы здарэння на вуліцы Папова. Тут БПЛА заляцеў у акно кватэры. Людзей перавезлі ў бяспечнае месца", — распавёў ён у сацсетках. Расійскі Белгарад з пачатку вайны перыядычна пакутуе ад абстрэлаў. Улады вобласці абвінавачваюць у гэтым УСУ. Украінскае інфармацыйнае агенцтва УНІАН са свайго боку нагадвае, што з тэрыторыі Белгародскай вобласці расіяне абстрэльваюць Харкаў.

Тым часам расійская крыніца сцвярджае, што акрамя Белгародскай у апошнія дні ад абстрэлаў пакутуюць жыхары памежных Бранскай і Курскай абласцей Расіі. У адной з вёсак Бранскай вобласці снарад трапіў па жылым доме, пачаўся пажар. А ў Курскай вобласці ў выніку ўдараў апынуліся абясточаныя не менш за дзесяць населеных пунктаў.

В российском Белгороде дрон залетел в окно жилого дома — 370-е утро войны
Абломкі беспілотніка ў Белгарадзе / ВКонтакте

Да сітуацыі на фронце. Складаней становіцца абстаноўка на Бахмуцкім кірунку. Пра гэта заявіў у традыцыйным відэазвароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. З ягоных слоў, расіяне "знішчаюць усё, што ўкраінскія абаронцы могуць выкарыстоўваць для замацавання і абароны". Раней, нагадаем, Зяленскі казаў, што ўкраінскія войскі не маюць намеру пакідаць горад. І зробяць гэта толькі ў крайнім выпадку.

Каб працягваць барацьбу, па словах украінскага прэзідэнта, трэба дальнабойная зброя. Калі пастаўкі будуць паскораныя, то ўкраінскія войскі не толькі не адыдуць ад Бахмута, але і пачнуць дэакупаваць усе тэрыторыі Данбаса, захопленыя з 2014 года.

Аб складанай сітуацыі на фронце кажа і намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр. З яе слоў, расійскае войска "нарошчвае інтэнсіўнасць штурмавых дзеянняў". Цяжэй за ўсё на Бахмуцкім кірунку. Тут "вораг падчас наступальных дзеянняў выкарыстоўвае тактыку знясілення і татальнага разбурэння". Пры гэтым, па яе словах, расіяне нясуць вялікія страты: штодня губляюць ад 600 да 1000 чалавек.

УСУ за суткі адбілі больш за 60 расійскіх нападаў. Расіяне спрабуюць наступаць, акрамя Бахмуцкага, таксама на Купянскім, Ліманскім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. За мінулыя суткі праціўнік нанёс 8 ракетных і 32 авіяўдары. Правёў 85 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пагроза новых ракетных удараў па ўсёй Украіне захоўваецца, кажуць ва ўкраінскім Генштабе.

Пад абстрэлам застаюцца і ўкраінскія населеныя пункты на іншых участках фронту. На Запарожскім напрамку ад агню ўчора пацярпелі раёны больш за 20 населеных пунктаў. На Херсонскім — яшчэ 25 населеных пунктаў.

Што тычыцца паспяховасці расійскіх вайсковых аперацый на Данбасе, то, паводле ацэнкі Інстытута вывучэння вайны, тэрытарыяльныя заваёвы ёсць на поўнач ад Бахмута. Аўтары свежай справаздачы спасылаюцца на расійскія крыніцы. У Інстытуце таксама адзначаюць, што наземныя атакі ідуць па ўсёй лініі фронту ў Данецкай вобласці, у Луганскай — працягваюцца наземныя атакі на паўночны захад ад Сватава і паблізу Крамянной.

В российском Белгороде дрон залетел в окно жилого дома — 370-е утро войны
Карта баёў ва Украіне / understandingwar.org

У Кіеве не бачаць прыкмет таго, што Кітай пагодзіцца перадаць Расіі ўзбраенне. Пра гэта заявіў кіраўнік Галоўнай управы разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў у інтэрв'ю "Голасу Амерыкі".

"Я не бачу ніякіх прыкмет, якія сведчаць пра тое, што нават агаворваюцца такія рэчы", — пракаментаваў ён размовы пра тое, што Кітай можа паставіць зброю Расіі. Пра гэта казалі, у прыватнасці, амерыканскія чыноўнікі. "Я кіраўнік разведкі і абапіраюся, прабачце, не на меркаванне, пры ўсёй павазе, асобных людзей, а толькі на факты. Фактаў такіх я не бачу", — патлумачыў сваю пазіцыю Буданаў.

Ён таксама распавёў, што каля 40% тых, каго Расія ўтрымлівае ў палоне, — гэта грамадзянскія людзі. І ваеннапалонных у расіян, са слоў Буданава, больш, чым ва Украіны. "У прынцыпе зразумела, што наша колькасць меншая. Мы не бярэм цывільных у палон. Там куча жанчын, на жаль, і дзяцей, разнастайныя там старасты, паштальёны, чыгуначнікі, мэры, дворнікі ёсць", — сказаў ён.

У кіраўніка ўкраінскай разведкі таксама спыталі пра тое, колькі можа працягнуцца гэтая вайна. Ён сказаў, што "на жаль, вопыт Ізраіля, хутчэй за ўсё, да нас прыйдзе на пэўную колькасць гадоў". 

"Гіпатэтычная сітуацыя: усё скончылася, выдатна ўсё, і Расія зразумела, што так нельга рабіць, і яе абмежавалі значна, і гэтак далей. Гіпатэтычна. Але памяць народа не дазволіць жыць цяпер інакш", — мяркуе Буданаў. Пры гэтым ён перакананы, што Расія не гатовая да доўгачасовых баявых дзеянняў. "Гэта я вам ужо кажу, як кіраўнік разведвальнага органа. Яны ўсяляк паказваюць, што яны гатовыя там, "вайна на дзесяцігоддзі", але на самой справе іх рэсурсы даволі абмежаваныя. І ў часе, і ў аб'ёмах. І яны пра гэта выдатна ведаюць", — падкрэсліў кіраўнік украінскай разведкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі