У расійскім Туапсэ гарэў НПЗ, у Крыме праз атакі адмянілі заняткі ў школах
Пажар на НПЗ у Туапсэ
Больш за 30 выбухаў налічылі мінулай ноччу і раніцай жыхары расійскага Наварасійска (Краснадарскі край), паведамляюць мясцовыя тэлеграм-каналы. Па словах відавочцаў, быў абясточаны порт.
"З 3 прыкладна гадзін ночы чуваць стрэлы і выбухі. У 4 раніцы ўключылі сірэну паветранай трывогі. Пасля таго як яна адгучала гучна сказалі, што гэта праверка сувязі. Стрэлы і выбухі дагэтуль, а цяпер 5 раніцы", — цытуе рэсурс "Асцярожна, навіны" аднаго з мясцовых жыхароў. Губернатар краю ноччу напісаў, што "у выніку падзення апаратаў паўсталі лакальныя ўзгаранні, якія цяпер ліквідуюцца". Пацярпелых, паводле яго, няма. Пры гэтым намеснік кіраўніка Наварасійска звярнуўся да жыхароў горада з заклікам: "з дому ніхто не выходзіць. Ні ў школу, ні на працу". Пра гэта піша рэсурс Astra.
У Туапсэ Краснадарскага краю ў выніку атакі беспілотнікаў загарэўся нафтаперапрацоўчы завод. Пажар ужо лакалізавалі, пацярпелых няма.
Атакаваны ноччу быў і Крым. Вядома, што тут пасля атакі беспілотнікаў парушаная праца падстанцыі "Севастопаль". У горадзе ўведзеныя адключэнні святла. "У сувязі з сітуацыяй, якая склалася мной прынятая пастанова аб скасаванні заняткаў ва ўсіх школах, установах сярэдняй прафесійнай адукацыі і дзіцячых садках", — паведаміў Міхаіл Разважаеў, чыноўнік, якога Расія прызначыла кіраваць анэксаваным Крымам.
У Мінабароны Расіі кажуць, што мінулай ноччу над Крымам збілі 51 украінскі беспілотнік, яшчэ 44 — над Краснадарскім краем, 6 — над Белгародскай вобласцю і адзін над Курскай вобласцю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.