У свеце налічылі 75 мільёнаў беспрацоўнай моладзі
Як вынік кандыдаты навук падаюць капучына, а магістры чысцяць туалеты.
The Independent сцвярджае, што ў Вялікабрытаніі працаваць за барнай стойкай альбо разносіць каву ідуць нават кандыдаты навук. Як правіла, гэта маладыя людзі з еўрапейскіх краін, якія найбольш пацярпелі ад рэцэсіі.
У мінулым месяцы хітом інтэрнэта стала шчырая споведзь 25-гадовага іспанца, які працуе ў “вядомай сетцы кавярняў”.
The Independent: “У допісе, апублікаваным у Facebook і Twitter, які атрымаў больш за 31 тысячу рэпостаў, ён пісаў: “Мяне завуць Бенджамін Сера, у мяне два бакалаўрскія дыпломы і адзін магістарскі, і я чышчу прыбіральні. Не, гэта не жарт”.
У прынцыпе, гэта тыповая гісторыя. На дадзены момант узровень моладзевага беспрацоўя ў Іспаніі складае больш за 56%, альбо 800 тысяч чалавек.
Іншая гераіня артыкула The Independent, Дэмі Дзімітропулу з Грэцыі, якая прыехала ў Брытанію шукаць працу, на працягу года рассылала рэзюмэ на самыя простыя працы — з мінімальным заробкам альбо на няпоўны дзень. З 40 заявак ёй прыйшло толькі 2 адказы. Многія яе сябры не вытрымлівалі такога і на працягу года вярнуліся дамоў. Сама Дэмі нешта ў выніку знайшла, але гаворкі пра працу “для душы” альбо хаця б па спецыяльнасці нават не вядзецца:
“Выбару няма. Калі вы знаходзіце нейкае месца, то, як правіла, там і застаяцеся, і будзьце ўдзячныя, што знайшлі яго. Але гэта няправільна”.
Тое, што эканамічны крызіс больш за ўсё б’е менавіта па моладзі, адзначае і Еўрастат, апісваючы трэнды беспрацоўя.
Еўрастат: “З пачатку 2009 года разрыў паміж узроўнем непрацуючай моладзі і агульным ўзроўнем беспрацоўя павялічыўся, у канцы 2012 узровень беспрацоўя сярод моладзі быў у 2,6 разы больш за агульны”.
Цікава, што на адсутнасць працы наракаюць не толькі ў “крызісных рэгіёнах”. Паводле некаторых ацэнак, у самой Вялікабрытаніі колькасць маладых людзей ад 16 да 24 гадоў, якія не могуць знайсці працу, набліжаецца да мільёна.
Усе гэтыя лічбы і працэнты схіляюць да сумных прагнозаў. Амерыканскае выданне Huffington Post заяўляе, што чарговы глабальны крызіс ужо распачаўся. Бо 75 мільёнаў беспрацоўнай моладзі могуць прывесці да драматычных наступстваў у будучыні.
Фота: Reuters