У Варшаве пройдзе роварны рэйд памяці Булак-Балаховіча
Ён пачнецца 19 траўня а 12.00 ад помніка Дэ Голя.
Далей калона праз мост Панятоўскага накіруецца на правы бераг Віслы — на вуліцу Парыскую, 27. Гэта месца смерці Станіслава Булак-Балаховіча. Завершыцца рэйд на Павонзскіх могілках — месцы сімвалічнага пахавання генерала.
Ініцыятарам мерапрыемства выступае "Беларуская Нацыянальная Памяць". Арганізацыя ўжо чацвёрты год запар арганізуе роварны рэйд памяці па варшаўскіх месцах, звязаных з імем легендарнага палкаводца.
Нагадаем, што Булак-Балаховіч у Першую сусветную вайну камандаваў дыверсійным аддзелам царскага войска. Пасля служыў у Чырвонай Арміі, сышоў з яе і ваяваў супраць бальшавікоў у Эстоніі. Пазней перайшоў пад камандаванне Ураду БНР.
У лістападзе 1920-га Булак-Балаховіч абвясціў у Мазыры "незалежную беларускую дзяржаву", але неўзабаве яго армія была разбітая Чырвонай Арміяй і адышла ў Польшчу.