У Вільні асудзілі сутэнёраў прастытутак з Беларусі
У Вільні асудзілі сутэнёраў прастытутак з Беларусі. Тры беларускі працавалі ў літоўскай сталіцы з красавіка 2015-га да кастрычніка 2016 года. Як інфармуе Delfi, сутэнёрамі былі муж і жонка Эдгарас і Ірына Садаўскасы. Беларусак яны “вербавалі” праз інтэрнэт, прапаноўвалі ім заробкі, якія іх задаволілі. У Вільні на кароткі час здымаліся кватэры, гаспадарам якіх казалі, што дзяўчаты прыехалі, каб паступіць на вучобу, але не атрымалася і яны шукаюць працу. Беларускі працавалі толькі ў буднія дні, выхадныя праводзілі са сваімі сем’ямі на радзіме.
За гадзіну прастытуткі зараблялі 80-100 еўра, за паўгадзіны — 60-70 еўра. Палову грошай аддавалі сутэнёрам. У судзе было агучана, што апошнія зарабілі не менш за 13600 еўра. Эдгарас Садаўскас асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі (раней ён ужо быў асуджаны ўмоўна), яго жонка (дарэчы, былая прастытутка) — на год і чатыры месяцы пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 1,5 гады. Таксама яна мусіць адпрацаваць на працягу васьмі месяцаў 80 гадзін у бальніцы ці дзіцячым доме.
Адна з беларусак прызнавалася літоўскім паліцэйскім, што спадзявалася знайсці ў Літве заможнага жаніха. І ёй гэта ўдалося. Ці ўзяла яна з ім шлюб, невядома.