У якіх выпадках банк верне скрадзеныя з карткі грошы, а ў якіх ― не

У Беларусі ўвялі так званую нулявую адказнасць для ўладальнікаў пластыкавых картак. Цяпер, калі ў вас скралі грошы з карткі, то вы можаце цягам 30 дзён звярнуцца ў банк, і грошы вам вернуць за 45 дзён, калі іх скралі ў Беларусі, і за 90 дзён, калі гэта здарылася за мяжой.

“Добрасумленных грамадзян прынцып нулявой адказнасці, безумоўна, абараняе. Але насамрэч, адказнасць уладальніка карткі ніхто не адмяняе, і яна будзе ўлічвацца ў спрэчных сітуацыях. У любым выпадку, у абумоўлены тэрмін у гэтай пастанове банк будзе вяртаць грошы кліенту. Калі вы на працягу 30 дзён склалі заяву, што грошы несанкцыянавана спісалі. Але ў любым выпадку, будзе крымінальная справа і расследаванне, і калі ў выніку будзе выяўлена, што кліент не выконваў дамову ці наўмысна перадаў картку, каб падмануць банк, то банк будзе мець права вярнуць сродкі і падаць у суд на кліента, які змахлярыў”, ― тлумачыць прэс-сакратар сістэмы "Белкарт" Марына Роман.

Зразумела, што цяпер многія банкі пачнуць пераглядаць свае дамовы з уладальнікамі плацежных картак. І многія банкі ўжо пачалі прапісваць абавязкі кліента, тлумачыць прэс-сакратар Нацбанка Аляксандр Цімашэнка.

У Альфа-банку ўжо з’явіліся папраўкі ў дамовы. У прынцыпе, нічога ўнікальнага ў іх няма і відавочна, што падобныя змены будуць і ў іншых банках. Хаця кожны банк можа рэагаваць на новаўвядзенне па-свойму.

Так, банк можа адмовіць кліенту ў вяртанні грошай, калі той парушыў тэрміны падачы заявы і парушыў парадак выкарыстання карткі: не выконваў рэкамендацыі і не прыняў мер для блакіроўкі.

Кліент абавязаны:

― забяспечваць, каб картка выкарыстоўвалася толькі трымальнікам і нікому іншаму не перадавалася,

― пры здзяйсненні аперацый у арганізацыях гандлю (сэрвісу) і банках кантраляваць знаходжанне карткі ў яго полі зроку,

― не перадаваць картку або рэквізіты арганізацыям гандлю (сэрвісу) і банкам для правядзення аперацыі з выкарыстаннем карткі, калі ёсць сумневы ў іх надзейнасці, а таксама нікому не перадаваць картку або рэквізіты ў любых іншых выпадках,

― захоўваць картку і рэквізіты ў надзейным месцы, недаступным для іншых асоб. ПІН рэкамендуецца запомніць або зашыфраваць, а канверт і ўкладыш з ПІН знішчыць

― выкарыстоўваць для правядзення аперацый карткі з мікрапрацэсарам (чыпам),

― падключыць да карткі адзін або некалькі відаў абвестак (смс ці па e-mail),

― павялічваць ліміты па аперацыях з карткай толькі на перыяд, неабходны для здзяйснення адпаведных аперацый.

Ёсць універсальныя правілы, якія банк мусіць тлумачыць кліентам, кажа прэс-сакратар "Белкарт" Марына Роман.

"Калі вы не падключылі смс-банкінг, то вы рызыкуеце. Трэба для розных мэтаў выкарыстоўваць розныя карткі. Не перадаваць картку трэцім асобам. Напрыклад, афіцыянт у кавярні не можа зносіць вашу картку. Так не павінна быць, вам павінны прынесці тэрмінал альбо вас адвесці да яго".

Таксама кліент банка мусіць заблакаваць карту, як толькі даведаецца пра яе несанкцыянаванае выкарыстанне. Так, калі паведамленне аб выкарыстанні карткай прыйшло з 7:00 да 0:00, картку трэба заблакаваць на працягу гадзіны, калі паведамленне аб зняцці грошай з рахунка прыйшло з 0:00 да 7:00, то не пазней, чым у 8 раніцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі