У жніўні ў Беларусі патаннелі прадукты. Паглядзелі, у чым рэч

У жніўні ў Беларусі патаннелі прадукты / pixabay.com
У жніўні ў Беларусі патаннелі прадукты / pixabay.com

Па статыстыцы Белстата, у жніўні, калі параўноўваць з ліпенем, упалі цэны на прадукты. Зніжэнне невялікае — усяго 0,7%. Але нават гэта здаецца чымсьці неймаверным на фоне таго, што за год харчаванне падаражэла на 18,9%.

Еўрарадыё паглядзела, што патаннела ў мінулым месяцы больш за ўсё і прывяло да харчовай дэфляцыі. Таксама мы паглядзелі, на якія прадукты мацней за ўсё выраслі цэны.

Добрая навіна для вегетарыянцаў і веганаў: першыя 14 пазіцый у спісе тавараў, якія найбольш патаннелі, займаюць садавіна, гародніна і алей. Дрэнная — зніжэнне цэн сезоннае.

Калі лічыць у сярэднім, то гародніна ў жніўні страціла ў цане 34%, а садавіна — 7,7%. Да тых, што патаннелі, не адносяцца цытрусавыя. Яны, наадварот, сталі даражэйшыя ў сярэднім на 3,97%.

Алей (не ўключаючы аліўкавы), сярэдняя цана якога па Беларусі складае 6,42 рубля за літр, патаннеў на 2,34%. На ўсе астатнія прадукты цэны калі не раслі, то стаялі на месцы або знізіліся зусім няшмат.

Мяса, рыба, малочка і шмат якія іншыя прадукты за жнівень падаражэлі. Цэны на малочныя прадукты за месяц падняліся на 1,9%, на мясныя — на 1,4%, на рыбныя — на 0,83%. З апошніх у дзясятку тых, якія падаражэлі найбольш, трапіла жывая рыба. Цэны выраслі на 5,48%. 

Цікава, што, па звестках Белстата, сярэдняя цана па краіне на жывую рыбу ў ліпені была 7,02 рубля за кілаграм. У жніўні яна паднялася да 10,19 рубля. Значыць, змянілася на 45,2%. А індэкс спажывецкіх цэн склаў 5,48%. Вядома, так атрымліваецца праз розныя методыкі падліку інфляцыі і сярэдніх цэн. Але пакупнік у краме больш адчувае розніцу ў цане, а не інфляцыю, якая, дарэчы, у кожнага свая ў залежнасці ад густу.

В августе в Беларуси подешевели продукты. Посмотрели, в чем дело

Мы параўналі сярэднія цэны па Беларусі і на іншыя прадукты, якія найбольш падаражэлі за месяц. Дапусцім, што чалавек купіў гэты набор тавараў (усяго па кілаграме) у ліпені і ў жніўні. Значыць, яго чэк за месяц вырас на 11,07 рубля.

Калі паглядзець статыстыку за год, гэта значыць са жніўня 2021-га, мяса і прадукты з яго падаражэлі на 17,8%, малако і малочныя прадукты на 13,5%. Яшчэ больш падаражэлі тавары, якія мы імпартуем поўнасцю або часткова: крупы і бабовыя — на 28,9%, рыба і рыбныя прадукты — на 24%.

Даражэе і ўсё астатняе. Нехарчовыя тавары за год дадалі ў кошце 20,9%, а паслугі — 12,2%.

Затое рэальныя заробкі беларусаў падаюць. Калі параўноўваць паказчыкі сёлетняга ліпеня з ліпенем 2021 года, сярэдняе зніжэнне склала 5,9%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі