У ЗША лічаць, што сітуацыя з рэлігійнай свабодай у Беларусі значна пагоршылася
За апошні год сітуацыя з рэлігійнай свабодай у Беларусі значна пагоршылася, заяўляе Федэральная камісія ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе (USCIRF) у сваім дакладзе.
У суправаджальнай запісцы да дакладу гаворыцца, што пасля шырокіх антыўрадавых пратэстаў 2020 года ўлады прынялі жорсткія рэпрэсіўныя меры супраць грамадзянскай супольнасці. Гэта паўплывала і на ўмовы рэлігійнай свабоды.
"З тых часоў рэжым Аляксандра Лукашэнкі праводзіў чысткі ў дачыненні да католікаў і праваслаўных хрысціян, духавенства, якое крытыкавала яго аўтарытарную тактыку, ладзіў рэйды на каталіцкія і пратэстанцкія набажэнствы і публічна прапагандаваў антысеміцкія змовы і рыторыку", — адзначаюць аўтары.
У дакладзе згадваецца, напрыклад, сітуацыя з каталіцкім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, якога не пускалі ў Беларусь нягледзячы на тое, што ён мае беларускае грамадзянства. Пазней ён сышоў у адстаўку. Адзначаная і адстаўка мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Дарэчы, кіраўнікі і Праваслаўнай, і Каталіцкай цэркваў публічна асудзілі гвалт пасля выбараў. Гэта выклікала рэзкае незадавальненне з боку Аляксандра Лукашэнкі.
А два святары (праваслаўны Сяргей Лепін, і каталіцкі біскуп Юрый Касабуцкі) атрымалі папярэджанні Генпракуратуры за тое, што асудзілі разгон мірнай акцыі ў памяць пра загінулага Рамана Бандарэнку.
USCIRF — незалежная двухпартыйнай камісія федэральнага ўрада ЗША. Яна адсочвае выпадкі парушэнні рэлігійных свабод ва ўсім свеце і дае рэкамендацыі прэзідэнту, дзяржсакратару і Кангрэсу ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.