Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай "вельмі адпавядае нашым засцярогам", заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс на просьбу пракаментаваць гэтую паездку. Візіт Лукашэнкі ў Пекін пачаўся сёння.
Паводле слоў Прайса, нейкай асаблівай пазіцыі адносна гэтага візіту ў Вашынгтоне няма. Бянтэжыць толькі, што ён праходзіць на фоне размоў пра магчымыя пастаўкі кітайскай смяротнай зброі Маскве, якая будзе выкарыстоўвацца ў вайне супраць Украіны.
"У мяне няма непасрэднай рэакцыі на гэта, за выключэннем таго факту, што гэта вельмі адпавядае нашым засцярогам", — сказаў Прайс. Ён нагадаў, што КНР і Расія ў апошні час паглыбілі свае адносіны. І "той факт, што КНР цяпер узаемадзейнічае з Лукашэнкам, які, па сутнасці, саступіў свой суверэнітэт Расіі, з'яўляецца толькі яшчэ адным элементам узаемадзеяння КНР з Расіяй, якое паглыбляецца", — адзначыў амерыканскі чыноўнік.
На той жа сустрэчы з журналістамі Прайс яшчэ раз пацвердзіў заклапочанасць ЗША магчымым аказаннем ваеннай дапамогі РФ з боку Кітая. Пекін, мяркуюць у Вашынгтоне, так і не вызначыўся публічна з пазіцыяй у дачыненні да вайны ва Украіне. "КНР заявіла свету, што, па сутнасці, яна не займае пазіцыю, а хутчэй спрабуе прадставіць сябе сумленным пасярэднікам", — заявіў Прайс. У Вашынгтоне лічаць, што Пекін ужо даў Маскве пэўную падтрымку: дыпламатычную, палітычную, эканамічную і рытарычную. У апошнім выпадку маецца на ўвазе рэтрансляцыя "небяспечнай расійскай прапаганды, небяспечнай хлусні і дэзінфармацыі на сусветнай арэне".
Між тым кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў напярэдадні заявіў, што ён не бачыць прыкмет таго, што Кітай гатовы перадаць Расіі ўзбраенне.