У ЗША затрымалі араба, які хацеў правезці ў Беларусь 89 снайперскіх вінтовак

У ЗША затрымалі араба, які хацеў правезці ў Беларусь 89 снайперскіх вінтовак

У штаце Юта таемны агент спецслужбаў ЗША выкрыў мужчыну з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, які спрабаваў правезці ў Беларусь снайперскія вінтоўкі з ЗША.

Як перадае Радыё "Свабода", Колар Рахман Аніс Ур Рахман абвінавачаны Вялікім федэральным журы ў Солт-Лэйк-Сіці. Спроба правезці вінтоўкі — гэта парушэнне амерыканскага эмбарга на пастаўкі зброі ў Беларусь. Таксама араба вінавацяць у змове з мэтай здзяйснення злачынства супраць ЗША, парушэнні закону аб кантролі экспарту зброі, кантрабандзе і адмыванні грошай.

Паведамляецца, што Рахман ведаў пра эмбарга і рызыку незаконнай аперацыі, але дамовіўся з агентам наконт паставак 89 вінтовак у Беларусь. Першыя 10 вінтовак каштавалі яму разам з амуніцыяй у 66 285 долараў. Агент атрымаў перадаплату ў 13 257 долараў, Астатнюю суму ён мусіў атрымаць пасля пастаўкі ў Беларусь.

Зламысніка затрымалі 4 лістапада падчас сустрэчы з агентам у гатэлі недалёка ад Чыкага (штат Ілінойс). Цяпер ідзе працэс яго экстрадыцыі ў Юту. Калі абвінавачанні пацвердзяцца, яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі і штраф у мільён долараў за парушэнне закону аб кантролі зброі, яшчэ да 20 гадоў і яшчэ 500 тысяч за адмыванне грошай, а таксама яшчэ да 10 гадоў і 250 тысяч за кантрабанду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі