У ЗША затрымалі беларуса і ізраільцяніна за продаж зброі ў Ірак і Судан
У амерыканскім штаце Фларыда затрымалі 39-гадовага жыхара Ізраіля Анры Шушана і 65-гадовага жыхара Беларусі Веніяміна Галынкіна. ФБР падазрае, што два бізнэсоўцы спрабавалі прадаць у Ірак і Судан боепрыпасы для зенітных гармат. У ЗША забаронены імпарт зброі ў гэтыя краіны.
Паводле інфармацыі выдання The Sun Sentinel, бізнэсоўцы збіраліся прадаць 500 тысяч боепрыпасаў для 23-міліметровых зенітных гарматаў ЗП-23 на 1 млн долараў.
Паведамляецца, што беларуса і ізраільцяніна затрымалі ў сярэдзіне лістапада. Шушан знаходзіцца ў турме, беларус пакуль на волі. У судзе 23 лістапада адбылося слуханне па гэтай справе.
Па звестках амерыканскага выдання, ФБР больш за год вяло аперацыю, вынікам якой стала затрыманне безнэсоўцаў. Следства паведамляе, што Шушан падрабіў дакументы, каб паказаць экспарт зброі легальна — на Кіпр, у Паўднёва-Афрыканскую рэспубліку ды іншыя краіны.
Паводле інфармацыі следства, Галынкін мусіў забяспечыць перавод грошай з Ірака ў ЗША. У Штаты ён прыляцеў з Беларусі 13 лістапада. Пры сабе беларус меў нумар тэлефона Шушана і паперы аб пераводзе 800 тысяч долараў з запіскай, дзе гаварылася, што грошы атрыманыя. Пасля арышту Галынкін заявіў спецслужбам, што выконваў просьбу даўняга знаёмага з Сірыі. Яму прапанавалі 2500 долараў за паездку ў ЗША і праверку "паляўнічых стрэльбаў".
Па словах Галынкіна, ён ведаў, што дамова ідзе пра 1 мільён долараў, але не падазраваў, што гаворка ідзе пра боепрыпасы.