УЕФА абвінаваціла расійскіх фанатаў у расізме і выкарыстанні піратэхнікі
Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) адкрыў дысцыплінарнае слуханне ў дачыненні Расійскага футбольнага саюза па выніках матчу чэмпіянату Еўропы Расія — Англія. Гульня прайшла 11 чэрвеня ў французскім Марселі і скончылася з лікам 1:1.
Расійскіх фанатаў абвінавачваюць у беспарадках, расізме і ў выкарыстанні піратэхнікі, паведамляе ВВС са спасылкай на прэс-службу УЕФА. Рашэнне наконт пакарання прымуць цягам некалькіх дзён, як толькі расійскі бок зможа падаць пісьмовыя заявы і сведчанні.
Разам з тым УЕФА прызнае, што на стадыёне “Веладром”, дзе прайшоў матч, ёсць праблемы з раздзяленнем заўзятараў і ў далейшым яны будуць вырашацца.
Пасля матчу некалькі дзясяткаў расійскіх футбольных заўзятараў прарваліся на трыбуны, дзе былі англійскія фанаты, і паспрабавалі сарваць англійскія сцягі. Таксама яны закідалі брытанцаў пабочнымі прадметамі. Бойка спынілася пасля ўмяшання сцюардаў.
Адразу некалькі расійскіх СМІ паведамілі, што англійскія фанаты правакавалі і абражалі расіян на стадыёне Марселя. Пры гэтым яны спаслаліся на твітэр-акаўнт, які меў усе прыкметы фэйка.
Перад матчам на вуліцах Марселя адбыліся масавыя бойкі, у якіх пацярпелі не меней за 30 чалавек.