Рэстаратар з Ліды не бачыць сэнсу рабіць пандус для 2% пакупнікоў

Рэстаратар з Ліды не бачыць сэнсу рабіць пандус для 2% пакупнікоў

Аляксандр Аўдзевіч, знакаміты ў Лідзе актывіст-калясачнік, не змог самастойна патрапіць у лідскае кафэ, бо вышыня парога — каля 10 сантыметраў і не было пандуса для калясак. На яго прапанову зрабіць пад'езд для калясачнікаў, уладальнік кафэ адказвае ў афіцыйным лісце: "… у маральным і фінансавым аспекце, я фізічна не гатовы і не маю матэрыяльна-тэхнічнай магчымасці для ўскладання на сябе абязацельстваў па арганізацыі вышэйпададзеных эканамічных мерапрыемстваў".

Аляксандр кажа, што быў гатовы сам аплаціць устаноўку пандуса: "Я напісаў у кнігу скаргаў, проста звяжыцеся са мной. Нават прапанаваў усталяваць пандус за свае грошы, калі ў іх няма".

Рэстаратар з Ліды не бачыць сэнсу рабіць пандус для 2% пакупнікоў
Фота: Аляксандр Аўдзевіч

Андрэй Гурыновіч, прадпрымальнік, якому належыць кафэ, не бачыць праблемы і лічыць, што ўсталёўваць пандус не мае сэнсу:

"98 адсоткаў да мяне ходзяць сем'і з дзецьмі. Дапусцім я зраблю пандус, зімой калі тэмпература апусціцца ніжэй за мінус 15, ні адзін рэагент які выкарыстоўваюць у Беларусі, не дзейнічае. Дзіця можа паслізнуцца, зламаць нагу ці іншае. У выніку мяне выклічуць на дыван. І ўсё гэта дзеля таго, каб 1-2% змаглі заехаць".

Па словах удалальніка кафэ, калі рабіць арыентуючыся на калясачнікаў, то прыйдзецца шмат што мяняць: "Нават калі я і ўсталюю гэты пандус, яны ўсё адно не змогуць заехаць, таму што ў мяне дзверы з фіксатарам, яе ўсё адно давядзецца камусьці для яго адчыняць. Калі рабіць кафэ даступным, то трэба не толькі пандус усталёўваць, але і змяніць дзверы, яны ў мяне дарэчы не шырокія, усяго каля 90 сантыметраў, і барную стойку таксама давядзецца мяняць, яна высокая".

У адпаведнасці з Законам РБ "Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь":

Праектаванне і забудова населеных пунктаў, фарміраванне жылых раёнаў, распрацоўка праектных рашэнняў, будаўніцтва і рэканструкцыя будынкаў, збудаванняў, уключаючы аэрапорты, чыгуначныя вакзалы, аўтавакзалы, рачныя порты, комплексы і камунікацыі, а таксама распрацоўка і вытворчасць транспартных сродкаў агульнага карыстання, у тым ліку індывідуальных, сродкаў сувязі і інфарматызацыі без прыстасавання гэтых аб'ектаў і сродкаў для доступу і выкарыстання інвалідамі не дапускаюцца ".

Такім чынам, усе новыя дамы, аб'екты інфраструктуры павінны мець пандусы. А вось старыя дамы не абавязаныя.

Што трэба зрабіць, каб усталяваць пандус на ўваходзе ў памяшканне?

Гэта, аказваецца, не так хутка:

Па-першае, трэба распрацаваць праект у адным з праектных бюро, дзе падрыхтуюць усю дакументацыю.

Пасля гэтага ўзгадніць праект з мясцовым ЖКГ.

Пасля наняць субпадрадчыкаў, якія зробяць пандус згодна з тэхнічнымі патрабаваннямі.

Кошты на пандусы вар'іруюцца ў залежнасці ад шырыні, вышыні і складанасці выканання.

ЖКГ займаецца ўстаноўкай пандусаў толькі ў жылых дамах, дзе жывуць людзі, якія перасоўваюцца на калясках.

Прыкладны кошт пандуса ў жылы дом на вышыню ў 8 прыступак — 8 тысяч рублёў.

Але ёсць і іншы варыянт, можна ўсталяваць часовы здымны пандус, які не патрабуе ніякіх дазволаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі