Уладкавацца на працу ў Польшчу беларусам будзе цяжэй
Уладкавацца на працу ў Польшчу беларусам будзе цяжэй. Легальна ў гэтай краіне працуе не менш за 16 тысяч грамадзян Беларусі. Аднак Польскі Сейм можа абмежаваць колькасць працоўных месцаў для замежнікаў. Паводле падрыхтаванага дакумента, міністр унутраных спраў штогод сумесна з Міністэрствам працы і развіцця будзе вызначаць, колькі замежнікаў, у якіх галінах і ў якіх ваяводствах Польшчы могуць атрымаць працу.
Як сцвярджаюць аўтары законапраекта, гэты крок, з аднаго боку, вырашыць пытанне бяспекі перад мігрантамі, а з іншага — ёсць спадзяванні, што ў Польшчу, дзе і так ўзровень беспрацоўя меншы за 8%, вернуцца палякі, якія працуюць за мяжой.
Ці спраўдзяцца спадзяванні палітыкаў і да чаго можа прывесці новы закон, Еўрарадыё запытала ў каардынатаркі праектаў Фонду развіцця без межаў “Frog” Ксеніi Нарановіч.
“Я баюся, што такая палітыка можа стварыць паніку як сярод працадаўцаў, так і сярод мігрантаў. Хутчэй за ўсё яна скончыцца тым, што працадаўцы проста спешна пачнуць афармляць дакументы. Вобразна кажучы, калі нам дазволяць працаўладкоўваць толькі даярак, то і швачкі стануць даяркамі. І наадварот, калі нам забароняць наймаць людзей у Мазавецкім ваяводстве, яны будуць уладкоўвацца ва ўсёй Польшчы і даязджаць у Мазавецкае ваяводства”.
Ужо цяпер відавочна, што новы закон можа выклікаць сур’ёзныя праблемы для беларусаў, якія вырашылі афіцыйна працаўладкавацца ў Польшчы. Пры гэтым і для кіраўнікоў польскіх фірм ініцыятыва ўладаў створыць шэраг складанасцяў, абысці ці вырашыць якія будзе не так проста.
Але ці такімі захадамі можна вырашыць пытанне бяспекі? Сваё меркаванне выказвае экспертка Ксенія Нарановіч:
“Такі досвед ужо быў, калі ў некаторых ваяводствах далі неабмежаваны доступ да працы ў асобных прафесіях. У выніку менавіта ў гэтых прафесіях выдалі больш за 20% дазволаў на працу. На маю думку, Міністэрства ўнутраных спраў, наадварот, толькі ўскладняе сабе працу з пункту гледжання бяспекі”.
Сам законапраект змяшчаецца амаль на 800 старонках тэксту. Ці дасканала яго вывучаць польскія парламентарыі перад прыняццем — пытанне рытарычнае. Але ўжо цяпер відавочна, што ў суседняй краіне ствараюцца новая правілы на рынку працы, да якіх трэба будзе прыстасоўвацца.
На сённяшні дзень у Польшчы працуе не менш за 300 тысяч замежнікаў, па дадзеных полькай дзяржаўнай установы ЗУС, якая займаецца сацыяльным страхаваннем, у першым квартале 2017-га ў Польшчы афіцыйна працуюць 16 040 беларусаў. Прычым у 2012 годзе гэтая лічба дасягала 5,6 тысячы чалавек, то бок за 5 гадоў колькасць беларусаў, якія афіцыйна ўладкаваліся на працу ў суседняй кране, вырасла ў 3 разы. Нягледзячы на гэта, запатрабаванасць працоўных рук на польскім рынку застаецца высокай, працягвае Ксенія Нарановіч:
“Можам вырашыць, што нам у пэўных прафесіях не патрэбныя замежнікі. Што, у прынцыпе і цяпер робіць ЗУС не страхуючы замежнікаў, якія займаюцца міжнароднымі перавозкамі. Умоўна кажучы, мы не хочам бачыць іх на дарогах Еўрасаюза. І няважна, што яны возяць польскія тавары у Нямеччыну, Францыю і іншыя краіны. Мы хочам, каб тавары вазілі палякі, таму палякам дакументы выдадзім, а замежнікам — не. Ужо цяпер такая практыка ў асобных інстанцыях праяўляецца. Аднак гэта прывядзе да таго, што людзі проста будуць займацца перавозкамі па “шэрых” схемах”.
Законапраект пакуль перададзены ў Сейм, але існуе вялікая імавернасць, што найбліжэйшым часам у такой форме польскія парламентарыі яго ўхваляць. А значыць, беларусы, як і іншыя замежнікі, што збіраюцца працаваць у Польшчы, будуць залежаць ад рашэнняў міністра ўнутраных спраў гэтай краіны.