Улады хочуць павысіць патрабаванні да лекараў прыватных медцэнтраў

Лекар, ілюстрацыйнае фота

Лекар, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У прыватных медыцынскіх цэнтрах змогуць працаваць толькі спецыялісты першай або вышэйшай катэгорыі такая норма можа быць замацаваная заканадаўча. Пытанне цяпер абмяркоўваецца. Пра гэта піша агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на старшыню Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ігара Юркевіча.

Чыноўнік тлумачыць неабходнасць прыняцця гэтага рашэння тым, што "адказнасць прыватнага сектара перад пацыентам павінна быць такой жа высокай, як і дзяржаўнага". Між тым цяпер у прыватным сектары можа працаваць малады спецыяліст, які тры гады таму скончыў медуніверсітэт. "Пры гэтым часцяком гэты лекар выконвае хірургічныя ўмяшанні, якія на высокім узроўні здольны рабіць хірург з пяці-сямігадовым стажам працы", — прыводзіць свае аргументы Юркевіч. Аднак, верагодна, у гэтага рашэння ёсць і яшчэ адна прычына, пра якую чыноўнік прамаўчаў. Увядзенне дадатковых патрабаванняў для лекараў медцэнтраў ускладніць пераход туды спецыялістаў з дзяржсектара, а значыць змякчыць праблему вострага дэфіцыту кадраў.

Нагадаем, праз недахоп медыцынскага персаналу з гэтага года ўлады павялічылі колькасць бюджэтных месцаў у медвузах і амаль адмовіліся ад платнай адукацыі па медспецыяльнасцях. Платнікі, нагадаем, не падпадаюць пад размеркаванне і маюць права выбіраць сабе месца працы самі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі