Улады зрабілі прагноз на 2021 год. А ці выконваецца іх прагноз на 2020-ы?
Згодна з планам Мінэканомікі, ВУП павінен вырасці на 2,4% да канца 2020 года
Праект мэтавага плана развіцця эканомікі Беларусі на 2021 год прадугледжвае рост заробкаў, ВУП і інвестыцый. Пра гэта заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.
Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка дадаў, што ВУП налета вырасце на 1,8%.
Еўрарадыё паглядзела, што па абазначаных паказчыках планавалася на 2020 год і як выконваюцца прагнозы.
Даходы выраслі, але неабгрунтавана
Згодна з пастановай Мінэканомікі №1 ад 30 студзеня "Аб разліковых балансавых паказчыках прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2020 год", рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва планавалася павялічыць на 1,3% за паўгоддзе і на 2,4% па выніках года.
Па звестках Белстата, у студзені — чэрвені гэты паказчык склаў 5,4%. А рэальная заработная плата за студзень — ліпень павялічылася на 8,2% у параўнанні з мінулым годам.
Праўда, прадукцыйнасць працы за той жа час знізілася на 1,3%. Такі разрыў вядзе да дэфіцыту бюджэту.
ВУП у мінусе
На гэты год урад запланаваў рост валавога ўнутранага прадукту на 2,8%. За паўгоддзе ВУП павінен быў вырасці на 1,6%.
Паводле звестак Белстата, за студзень — чэрвень 2020 года ВУП знізіўся на 1,7% да аналагічнага перыяду мінулага года.
Інвестыцыі прыцягнулі
Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове павінны былі дасягнуць $0,88 млрд за паўгоддзе і $1,7 млрд па выніках года.
Па факце прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове за паўгоддзе атрымалася прыцягнуць $1,3 млрд. Гэта на $0,42 млрд больш за планавы паказчык на першыя шэсць месяцаў 2020 года.
Паводле звестак Нацбанка, $1,1 млрд з агульнага аб'ёму прамых замежных інвестыцый склаў рэінвеставаны прыбытак. Гэта значыць, прыток сродкаў адбыўся ў асноўным за кошт старых, правераных інвестараў.
Адным з асноўных прамых інвестараў застаецца Расія. Яе рэзідэнтамі накіравана $0,5 млрд інвестыцый у беларускую эканоміку за першае паўгоддзе.
Значныя ўкладанні прамых інвестыцый зрабілі таксама прадстаўнікі Кіпра, Нідэрландаў і Германіі. Больш за ўсё замежнікі ўкладалі ў арганізацыі апрацоўчай прамысловасці, аптовага і рознічнага гандлю, фінансавай і страхавой дзейнасці, інфармацыі і сувязі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.