Уладзімір Мацкевіч: Мяне збіраюцца судзіць за думзлачын
"Я разумею, што падставай для арышту сталі мае артыкулы, выказванні, ідэі і думкі, то-бок мяне збіраюцца судзіць за "думзлачын" паводле Оруэла. Менавіта гэта як нельга лепш характарызуе сённяшні рэжым у Беларусі", — заявіў філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч у інтэрв'ю Deutsche Welle.
Мацкевіч быў затрыманы на пачатку жніўня. Яго вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт.342 Крымінальнага кодэкса). Ён знаходзіцца ў СІЗА №1, адкуль і змог перадаць свае адказы на пытанні журналістаў.
Сам філосаф кажа, што ў абвінавачанні, якое ён атрымаў, не называецца ніводнае яго дзеянне або ўчынак і няма ніводнага эпізоду.
Мацкевіч адзначае, што беларускі рэжым арыштаваў лідараў, запалохаў актывістаў і адчуў сябе беспакараным. Таму ўлады стараюцца прыдушыць усё, што з'яўляецца крыніцай любых пераменаў, у тым ліку і свабодную думку.
Цяперашнюю сітуацыю ў краіне ён характарызуе як перыяд контррэвалюцыі. Звяртаючыся да лідараў грамадства і шараговых людзей, Мацкевіч заклікае перастаць спадзявацца на цуд: "Выратаванне Беларусі ў руках саміх беларусаў, і ніхто звонку не зробіць за нас нашу працу. Праца павінна рабіцца з розумам. Трэба перастаць камлаць (шаманіць. — Еўрарадыё), напампоўваць адзін аднаго пафасным пазітывам. Любая праца цяжкая, а час святкаваць прыходзіць толькі пасля паспяховага завяршэння працы. Мы адкінутыя далёка назад, усё трэба пачынаць спачатку. І каб пачаць — яднайцеся!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.