Уладзімір Мацкевіч: А што абмяркоўваць?

Еўрарадыё: Ці магчымыя зараз сур’ёзныя перамовы паміж уладай і апазіцыяй?

110829 MackevichS.mp3

Уладзімір Мацкевіч: Давайце прааналізуем, што адбылося. Цалкам факультатыўны дадатак у вуснах прэзідэнта пра нейкія там абмеркаванні праблемаў з апазіцыяй і прадстаўнікамі Еўрасаюзу зробленыя на выступе па праблемах адукацыі. То бок, да гэтага немагчыма ставіцца як да афіцыйнай прапановы. Ніякай афіцыйнай прапановы прэзідэнт зараз не рабіў. А таму, ведаючы нашага прэзідэнта, мы можам убачыць, што заўтра ён скажа нешта іншае. Гэта з аднаго боку. З другога боку, іншага выйсця ў прэзідэнта і ў гэтай сітуацыі ўвогуле, акрамя перамоваў, няма.

А вось што агучвае прэзідэнт? Ён прапануе нейкае абмеркаванне за круглым сталом. А што абмяркоўваць, скажыце, калі ласка? Пазіцыі вызначаныя, парадак дня для перамоваў відавочны — гэта вызваленне палітвязняў і прыпыненне палітычнага пераследу ў краіне. Пасля гэтага ідзе размова пра дзве рэчы: пачатак рэформаў і хто гэтыя рэформы будзе рабіць. Ужо ўсім відавочна за гэты год, за час, калі ў Беларусі разгортваецца эканамічны крызіс, што сённяшні рэжым, што яго ўрад, яго чыноўнікі не здольныя ні да якіх пазітыўных крокаў каб пераадолець крызіс і яго наступствы. У гэтым сэнсе патрэбныя новыя людзі, новы ўрад і такія людзі ёсць у грамадзянскай супольнасці і ў беларускай апазыцыі. Вось пра гэта, пра тое, што трэба цалкам змяніць палітычны рэжым у краіне, прывесці да ўлады іншых людзей, якія будуць здольныя накіраваць краіну па шляху цывілізацыйнага развіцця, вось пра гэта павінны весціся перамовы. І гэта ўжо неадкладнае патрабаванне часу. А Лукашэнка зноў як звычайна займаецца махлярствам, прапануе нейкія ні для каго неабавязковыя абмеркаванні якіхсьці пытанняў. Яны ўжо ўсе абмеркаваныя.

Еўрарадыё: Але ж за гэты стол Лукашэнка запрасіў яшчэ Еўрасаюз і Расію.

Уладзімір Мацкевіч: Яны не патрэбныя. Перамовы павінны весціся толькі паміж рэжымам і палітычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю з другога боку. Што датычыцца Еўрасаюзу і Расіі, то яны могуць быць удзельнікамі гэтых перамоваў як пасярэднікі, якія гарантавалі б выкананне абодвума бакамі дасягнутых кампрамісаў і пагадненняў. Мы суверэнная дзяржава і ўсе пытанні адносна далейшага развіцця дзяржавы павінны вырашацца толькі беларусамі, без усялякага Еўрасаюзу і Расіі. Іншая справа, што мы ведаем, наколькі дрэнна дамоваздольныя абодва бакі. І ў гэтым сэнсе патрэбны проста гаранты таго, што дасягнутыя пагадненні будуць выкананыя. І вось у гэтай якасці і Еўрасаюз і Расія і можа Ватыкан і хай сабе хоць Уга Чавес — яны могуць быць запрошаныя.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, тое, што гэтая заява Лукашэнкі з’явілася ў той самы дзень калі МВФ пачаў разгляд нашае заяўкі на наступныя крэдыты, гэта супадзенне?


Уладзімір Мацкевіч: Гэта не мае непасрэднай сувязі, але і выпадковым супадзеннем гэта цяжка назваць, бо сёння ж агучана, што Роял Бэнкс Скотланд адмовіўся быць прадстаўніком Беларусі ў мабілізацыі грошаў інвестараў, накіраваных у Беларусь. У гэтым сэнсе гэта быў знак МВФ, што яны будуць мець нават тэхнічныя складанасці, калі нават вырашаць даваць крэдыт. Гэты значык Лукашэнкам быў прачытаны, я  думаю, што МВФ улічыць гэтую адмову РБС выконваць тую функцыю, якую ён выконваў да сённяшняга дня дзеля рэжыму. І значыць разлічваць на безумоўныя крэдыты  з боку МВФ Лукашэнка ўжо не можа. Ён, я думаю, чакаў вынікаў гэтай рады у МВФ і спадзяваўся на нейкі цуд, напэўна, што крэдыты яму дадуць без усялякіх умоваў.

Еўрарадыё: Якога развіцця падзеяў вы чакаеце?


Уладзімір Мацкевіч: На жаль зараз ініцыятыва пра перамоўны працэс і перамовы перахопленая. Пакуль не зроблена афіцыйнай заявы так бы мовіць з боку ўраду, у апазіцыі ёсць пэўны час выступіць афіцыйна з прапановай перамоваў. Але менавіта ад аб’яднанай апазіцыі, а не ад асобных нейкіх груповак ці лідараў. І тады мы яшчэ здольныя ў гэтыя літаральна некалькі тыдняў, ці нават дзён, перахапіць ініцыятыву і весці працэс у станоўчым накірунку. А калі далей так пойдзе,  то пятля крызісу будзе зацягвацца і гэты крызіс з эканамічнага будзе перацякаць яшчэ і ў палітычны. Але калі ўлады будуць няздольныя кіраваць краінай, будуць губляць гэтую здольнасць дзень за днём, а не будзе вырастання таго суб’екта, новай апазіцыі, якая была б гатовая перахапіць адказнасць за краіну, узяць уладу і пачаць рэфармаванне эканомікі і палітычнай сістэмы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі