Уладзіміра Мацкевіча судзілі за мітынг, на якім ён не быў
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 15 сакавіка судзяць метадолага Уладзіміра Мацкевіча: яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыяванай акцыі прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы 15 лютага.
Сам Мацкевіч раней публічна заяўляў, што ў акцыі ён не ўдзельнічаў.
Паказанні супраць яго давалі супрацоўнікі АМАПа Ілля Якаўлеў і Аляксандр Шушко, якія заявілі, што пазналі ў Мацкевічу ўдзельніка мітынгу. Па іх словах, Мацкевіч стаяў з расцяжкай. Таксама ў працэсе ўзяў удзел участковы Дзяніс Трасняк, які склаў пратакол на Мацкевіча за ўдзел у мітынгу.
Усе міліцыянты былі папярэджаныя пра адміністратыўную адказнасць за непраўдзівыя сведчанні. Аднак усе яны заяўлялі пра сваю ўпэўненасць у тым, што пазналі Мацкевіча.
Пасля паказанняў міліцыянтаў Уладзімір Мацкевіч паказаў суду квіткі на самалёт: ён вылецеў у Варшаву 14 лютага, а ў Мінск вярнуўся 16-га. Таксама яго адсутнасць у Беларусі пацвярджаецца памежнымі штампамі ў пашпарце.
Суддзя Шабуня заявіла, што іншых доказаў не патрабуецца. Суд пастанавіў вярнуць матэрыялы ў РУУС для выпраўлення недахопаў і дапрацоўкі.