Уступная кампанія: недабралі настаўнікаў, аграномаў і бухгалтараў

“Недабралі па фізіка-матэматычных накірунках. Каля 40% — не закрылі бюджэтныя месцы. А з платным — таксама будзе недабор”, — скардзяцца мне ў прыёмнай камісіі Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова.

Тут недабралі таксама педагогаў-філолагаў. Цяпер думаюць, што рабіць з выкладчыкамі, бо ім можа не хапіць гадзінаў на заробак.

У аграрных універсітэтах яшчэ горш — падоўжылі набор да 31 ліпеня. Не хапае тэхнолагаў.

“Некаторыя спецыяльнасці не цалкам закрылі: “тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці” і “кіраванне аховай працы ў сельскай гаспадарцы”. Гэта, пэўна, з-за фізікі. Але там не так і шмат недабралі”, — адказваюць Еўрарадыё ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце.

Напрыклад, на “кіраванне аховай працы” хочуць набраць 20 чалавек, а дакументы на 29 ліпеня падалі толькі трое.

У Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі недалічыліся яшчэ і аграномаў.

“Недабор па тэхнічных спецыяльнасцях і выключна сельская гаспадарка: аграномы, заатэхнікі”, — падсумоўваюць у акадэміі. Чакаюць 31 ліпеня, мо пашанцуе.

У БДУ бюджэтнікаў набралі амаль на ўсе спецыяльнасці. Адзінае — не шмат прыйшло на завочнае: на 300 чалавек менш, чым летась, паведамляюць у прыёмнай камісіі. Самы высокі прахадны бал тут на “міжнародным праве” — 388. Вялікі прахадны і ў Інстытуце бізнесу і мененджменту тэхналогій у БДУ. Каб вучыцца лагістыцы на бюджэце, трэба 374 балы.

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт недабірае платнікаў: на "дзяржаўнае кіраванне" па інфармацыі на 29 ліпеня дакументы падаў толькі 1 чалавек, і гэта на 15 месцаў.

А вось педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка пакуль не паведамляе, колькі людзей падалі дакументы і якія ў іх вынікі тэставання.

Нагадаем, сёлета тэставанне па матэматыцы не здала траціна абітурыентаў, па фізіцы — 37% абітурыентаў. У дзяржаўных ВНУ было 79 тысяч месцаў, а тэставанне здалі толькі 74 тысячы чалавек.

Фізічны факультэт: Можам недабраць 30%-40% студэнтаў

Фота: belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі