Ужо прыкідваў, колькі каштуе платнае, — але здаў ЦТ на сто балаў!
ЦТ / vgr.by
Цэнтралізаванае тэставанне 2020 года падыходзіць да канца. Па грамадазнаўстве, рускай і беларускай мовах і матэматыцы ўжо вядомыя вынікі. Нягледзячы на тое, што з мінулага года набраць максімальны бал стала нашмат цяжэй, чым раней, сярод абітурыентаў ёсць і стабальнікі!
Еўрарадыё распытала, як ім удалося дамагчыся максімальных балаў і што яны плануюць далей з гэтым рабіць.
100 балаў па рускай мове
Мінчанка Кацярына Макеіч, выпускніца мінскай гімназіі №38, атрымала 100 балаў па рускай мове. Каб набраць іх, дзяўчына цэлы год займалася ў рэпетытара.
— Калі я ўбачыла, што набрала максімальны бал, я была ў шоку. Я была ўпэўненая, што набяру 90+, але 100 балаў здаваліся чымсьці вельмі далёкім! Так што я нават некалькі разоў пераправярала вынік.
На працягу апошняга года я рыхтавалася ў групе Соф'і Луцэвіч. Шчыра кажучы, прыйшлося выдаткаваць вельмі шмат часу і сіл. Але затое з тэстам я справілася ўсяго за 25-30 хвілін, пераправерыла заданні і выйшла раней прызначанага часу.
— На забавы і сяброў час заставаўся?
— Мой вольны час пацярпеў, але не занадта моцна. Магчыма, мне пашанцавала: выкладчыца адукавана ўсё тлумачыла, не трэба было потым сядзець і спрабаваць вывучыць адно правіла некалькі гадзін.
Я працягнула чытаць, слухаць музыку, пісаць невялікія вершыкі — тыя заняткі, якія залежаць толькі ад наяўнасці вольнага часу.
Акрамя рускай мовы, дзяўчына здавала таксама матэматыку і англійскую мову. Кацярына раздумвае пра паступленне ў БНТУ на кіраванне дызайн-праектамі на прамысловых прадпрыемствах, але "пакуль дакладна не вызначылася".
— Што да прафесіі, то я стараюся не будаваць планаў на далёкую будучыню, таму што не ведаеш, што можа адбыцца. Вядома, хочацца знайсці добрую высокааплатную працу, аднак для гэтага трэба спачатку добра павучыцца.
Планую заставацца ў Беларусі, таму што лічу, што і тут хапае магчымасцяў. Праўда, трэба іх знайсці.
99 балаў па грамадазнаўстве
Антону Макранчуку, выпускніку мінскай гімназіі, не хапіла да 100 усяго толькі аднаго бала. Але хлопец усё роўна вельмі задаволены.
— Пасля здачы экзаменаў у школе я ўжо пачынаў лічыць, колькі балаў трэба на платнае і колькі будзе каштаваць навучанне... Гэта пытанне вельмі ўжо выбіла мяне з каляіны. Таму сказаць, што бал быў прыемным сюрпрызам — не сказаць нічога.
— У чым усё-ткі памыліліся?
–– Дакладна ведаю, гэта было пытанне А36, звязанае са зместам Канстытуцыі Беларусі.
— Як у вас з'явілася цікавасць менавіта да грамадазнаўства?
— Усё праз тое, што я цікаўлюся нашым палітычным жыццём і ўсім з гэтым звязаным. Так грамадазнаўства стала маім любімым прадметам. А потым і іспытам, які мне неабходны для паступлення.
Антон пакуль не ўпэўнены, куды будзе паступаць. Акрамя грамадазнаўства, ён здаў рускую і англійскую мовы — вынікамі таксама застаўся задаволены. Балаў напэўна хопіць для паступлення на бюджэт.
— Я, вядома, рыхтаваўся да ЦТ: хадзіў на спецыяльныя курсы. Я дакладна не той чалавек, які здольны цалкам прысвяціць сябе вучобе, але адмовіцца ўсё ж такі давялося ад многага. Ды яшчэ і вучоба ў школе, і школьныя экзамены... На гэта ішло іншы раз больш часу, чым на падрыхтоўку да ЦТ.
— Якія планы на будучыню? Ёсць думкі наконт кар'еры?
— Пакуль што планы далей паступлення не заходзяць. Вырашаю праблемы па меры іх паступлення. Пакуль не мару пра топавыя юрыдычныя фірмы. Але я ўжо даўно для сябе вырашыў, што сваё жыццё буду будаваць у Беларусі. Прынамсі, па сваёй волі з'язджаць не збіраюся.
100 балаў па матэматыцы
100 балаў па матэматыцы набраў Мікіта Стругальскі, выпускнік ліцэя БДУ. Як яму гэта ўдалося?
— Да матэматыкі я рыхтаваўся самастойна да сакавіка. Пачаў з таго, што купіў неабходныя зборнікі і запісаўся на факультатыў па падрыхтоўцы да ЦТ у ліцэі. Але чым менш заставалася часу да ЦТ, тым лепш я разумеў, што трэба рыхтавацца больш старанна. Таму ў сакавіку запісаўся да рэпетытара, каб прарашаць больш тэстаў, — расказвае Еўрарадыё Мікіта. — У апошнія некалькі тыдняў перад ЦТ я ледзь не кожны дзень рашаў тэсты, але не магу сказаць, што на гэта ішоў увесь вольны час. Я стараўся аддаваць час сябрам і на дачу некалькі разоў выбіраўся.
Паступаць Мікіта плануе ў БДУ, са спецыяльнасцю яшчэ не вызначыўся. Акрамя матэматыкі, здаваў рускую мову і фізіку. 100 балаў па матэматыцы для Мікіты не сталі такой ужо нечаканасцю.
— Першыя надзеі на магчымыя сто балаў у мяне з'явіліся пасля тэста ўвечары, калі я даведаўся, што правільна рашыў апошнюю задачу В12. Заставалася толькі спадзявацца на тое, што я не дапусціў дурных вылічальных памылак у астатніх задачах.
— Якая рэакцыя была?
— Я даведаўся пра вынік, калі быў на дачы. Адразу расказаў пра яго бацькам, бабе і дзеду. Усе былі вельмі рады, вядома.
Мікіта — спартсмен, займаецца футболам, баскетболам і настольным тэнісам. Раней гуляў у камандзе БАТЭ, але гэта займала занадта шмат часу, і ён зрабіў выбар на карысць вучобы.
— Яшчэ я скончыў музычную школу па класе фартэпіяна, захапляюся гульнёй на барабанах. Нягледзячы на тое, што гэты навучальны год быў вельмі важны для мяне, я стараўся аддаваць час і сваім інтарэсам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.