У Казахстане 464 чалавекі праходзяць па справе "аб тэрарызме"

У Казахстане 464 чалавекі праходзяць па справе "аб тэрарызме"

У Казахстане пасля масавых пратэстаў студзеня 2022 года па крымінальных справах затрымана 970 чалавек. Пракуратура расследуе 819 крымінальных спраў. З іх 45 спраў праходзяць "па актах тэрарызму". Па гэтым артыкуле арыштаваны 464 чалавекі. Пра гэта на брыфінгу 22 студзеня распавёў намеснік начальніка Генпракуратуры Элдас Кілымжанаў, паведамляе выданне Vласть.

Па словах Кілымжанава, сярод іншых крымінальных спраў, якімі цяпер займаецца пракуратура — масавыя беспарадкі (36), забойствы (15), рабаванне, крадзеж зброі, гвалт ў дачыненні да прадстаўнікоў улады.

"Найбольшая колькасць арыштаваных — 464 чалавекі — па справах аб тэрарызме і масавых беспарадках. За крадзеж затрымана 226 чалавек, за незаконнае нашэнне і захоўванне зброі — 60, за крадзеж зброі — 39, за хуліганства — 25, за разбой — 21. Па адной крымінальнай справе могуць быць затрыманыя некалькі саўдзельнікаў", — сказаў Элдас Кілімжанаў, дадаўшы, што лічбы не канчатковыя.

Акрамя таго, праходзіць расследаванне 16-ці крымінальных спраў па фактах смерці, катаванняў і парушэнні правоў затрыманых за ўдзел у студзеньскіх падзеях.

"Усяго па рэспубліцы ініцыявана 16 такіх крымінальных спраў", — дадаў Кілімжанаў.

Па ягоных дадзеных, у органы пракуратуры паступіла 91 скарга аб катаваннях і парушэннях правоў грамадзян пры правядзенні расследавання з боку супрацоўнікаў паліцыі. Па словах Кілімжанава, ведамства рэагуе на кожную заяву.

"Парушэнні, указаныя ў 19 заявах, не пацвердзіліся. Па 56 праверкі яшчэ праводзяцца. У той жа час асобныя выпадкі парушэння правоў грамадзян знаходзяць сваё пацвярджэнне", — сказаў Кілымжанаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі