“Ва Украіне цяпер так: Ваенная падрыхтоўка — гэта і модна, і неабходна!”
Камандзір роты спецбатальёна “Поўнач” у Чарнігаве Уладзімір Федарок расказвае пра небяспеку з боку Беларусі, масавае ўзбраенне і партызанскую вайну
Даведка Еўрарадыё: Уладзімір Федарок — камандзір і начальнік штаба грамадскага фармавання “Самаабарона Чарнігаўшчыны”, камандзір роты спецбатальёна “Поўнач”, падчас падзей на Майдане — камандзір “Чарнігаўскай сотні Майдана”, да пачатку “Рэвалюцыі годнасці” — фермер.
Еўрарадыё: Чарнігаў знаходзіцца даволі далёка ад зоны баявых дзеянняў на Данбасе. Навошта было тут ствараць не толькі батальён тэрытарыяльнай абароны, але яшчэ і спецбатальён “Поўнач”, і шэраг іншых ваенізаваных структур?
Уладзімір Федарок: Як бы ні называлі тое, што адбываецца на Данбасе — АТА ці яшчэ як-небудзь, — мы ўпэўненыя: ідзе вайна на знішчэнне, вораг ужо на нашай зямлі і ідзе акупацыя. Наша вобласць хоць і далёка ад Данбаса, але мы вобласць памежная, мы мяжуем з Беларуссю і Расіяй. І калі пачаўся канфлікт, то тут на мяжы стаялі войскі, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Было такое, што ўсе гэтыя войскі падышлі да самай мяжы. Была непасрэдная пагроза ўварвання. І мы, прадстаўнікі мясцовай самаабароны, грамадскага фармавання па абароне правапарадку і дзяржаўнай мяжы, не маглі стаяць убаку ад усіх гэтых працэсаў. І мы на Чарнігаўшчыне адразу сфармавалі першы батальён тэрытарыяльнай абароны, які і цяпер ваюе ў зоне АТА. Мы ім дапамагалі валанцёрствам, забяспечвалі неабходным рыштункам, але ў той жа час разумелі: гэтыя баяздольныя батальёны знаходзяцца не на тэрыторыі нашай вобласці, і само жыццё падказвае нам ісці шляхам стварэння арміі рэзерву, партызанскага руху — мы ж партызанскі край!
І амаль адразу мы пачалі фармаваць атрады, ствараць іх базу, наладжваць навучанне, запрашаць прафесійных інструктараў.
Еўрарадыё: Але ці можна было гэта рабіць законна?
Уладзімір Федарок: Вы пра заканадаўчую базу? Заканадаўчай базы для гэтага не было ніякай! Мы ўсе сёння разумеем: у нас няма іншага выйсця апроч таго, каб перамагчы. І таму цяпер у нас так: “Ваенная падрыхтоўка — гэта і модна, і неабходна!” Па гэтым прынцыпе цяпер жыве большасць чарнігаўцаў. Адпаведна, узнікла неабходнасць легалізацыі. Бо такія батальёны, як наш, можна лёгка аднесці да “незаконных ваенных фармаванняў”. І арганізацыі, якія ў нас ёсць: грамадскае фармаванне “Афганец” (гэта людзі, якія прайшлі Афганістан), “Самаабарона Чарнігаўшчыны”, “Правы сектар”, грамадскае аб'яднанне "Ніхто крім нас" — сталі касцяком для стварэння спецбатальёна “Поўнач”. Такім чынам мы ў сябе пачалі фармаваць армію рэзерву па прыкладзе арміі ў Швейцарыі. Вы ж разумееце: усё сканцэнтравана на Данбасе, а не тут. І ў выпадку пранікнення на нашу тэрыторыю ДРГ (дыверсійна-разведвальнай групы — Еўрарадыё), актывізацыі шпіёнскай сеткі ўсё можа скончыцца вельмі сур’ёзна. Скажу вам як чалавек, які ад самага пачатку бярэ ўдзел у гэтых працэсах: дзякуючы ўсяму, што мы тут рабілі ў кірунку ўмацавання бяспекі, у нас і не склаўся сцэнар, што здзейсніўся на Данбасе.
Еўрарадыё: Гэта правераная інфармацыя, што вайсковыя фармаванні стаялі на мяжы з Украінай у вашым рэгіёне як з расійскага, так і з беларускага боку? Адкуль яна?
Уладзімір Федарок: Шмат украінцаў жыве па той бок мяжы. І сёння гэтыя людзі сталі нашай разведкай, і мы ведалі пра перасоўванні кожнай машыны — хто, куды і як, ведалі, хто чым камандуе, якая брыгада адкуль прыйшла і гэтак далей. Тое ж самае і з Беларуссю. Мы ведаем пра тое, што на вашу зямлю прыляцелі расійскія самалёты, якімі кіруюць расійскія лётчыкі. І войскі да мяжы перакінулі…
Еўрарадыё: Такім чынам, у вас ёсць дакладная інфармацыя, што і беларускія войскі стаялі ў баявой гатоўнасці побач з украінскай мяжой?
Уладзімір Федарок: Так точна!
Еўрарадыё: Наколькі вялікая сёння, на вашу думку, небяспека менавіта для вашага рэгіёна?
Уладзімір Федарок: Цяпер Пуціну не да нас, не да Чарнігаўскай вобласці. Мы выдатна разумеем, што яму нешта трэба рабіць з Данбасам і з Крымам. Але не трэба забывацца, што менавіта праз Чарнігаў праходзіць самая кароткая дарога ад мяжы да Кіева: дзве гадзіны — і танкі будуць у Кіеве, калі мы іх тут не затрымаем! Безумоўна, пры адсутнасці “цяжкіх” войскаў, мы не зможам тут іх затрымаць, калі яны папруць. Але мы можам зрабіць так, каб зямля гарэла пад нагамі ў тых, хто прыйдзе са зброяй.
Еўрарадыё: Такім чынам, вы і ў сваім фармаванні, і ў створаным спецпадраздзяленні “Поўнач” рыхтуеце партызан-дыверсантаў на выпадак вайны?
Уладзімір Федарок: Можна сказаць і так.
Еўрарадыё: Але ці магчыма сёння весці такую партызанскую вайну, пра якую мы ўсе чыталі ў кнігах?
Уладзімір Федарок: Першы эшалон, дзе будуць ісці сапраўдныя прафесіяналы вайны, з усімі гэтымі цеплавізарамі, якія, дарэчы, у рускіх ёсць далёка не ва ўсіх падраздзяленнях, цяжкая тэхніка — гэта не нашы ворагі. Нашы ворагі — забеспячэнне, калоны, людзі, якія будуць забяспечваць армію. А гэта другі-трэці эшалон захопнікаў. І я ведаю, што ўзровень вайсковай падрыхтоўкі ў гэтага другога-трэцяга эшалонаў — выбачайце!
Еўрарадыё: А вы самі хто па прафесіі? І каго бяруць у ваш батальён самаабароны?
Уладзімір Федарок: Я фермер. І да вайсковай справы маю толькі тое дачыненне, што, як і ўсе юнакі, у свой час два гады служыў тэрміновую службу, сяржант. Але так атрымалася, што я стаў на Майдане сотнікам “чарнігаўскай сотні”. Да нас ідуць самыя розныя людзі. Калі ж казаць пра крытэры адбору, то гэта не нацыянальнасць, не здароўе, не наяўнасць вайсковай падрыхтоўкі — навучым і здароўе падправім, а патрыятызм і жаданне абараняць сваю радзіму. Толькі патрыёта трэба навучыць ваяваць. Каб ён не быў проста “гарматным мясам”. Нашы задачы — дыверсійная праца, але з адной умовай: на сваёй тэрыторыі, у нашых лясах.
Еўрарадыё: Нейкім чынам дзяржава вам дапамагае?
Уладзімір Федарок: На жаль, не. Дзяржава цяпер не мае магчымасці нас узбройваць і неяк забяспечваць. Але мы, грамадскае фармаванне, пайшлі іншым законным шляхам — праз міліцыю. Мы афармляем дазволы на зброю. Тым больш што наш статут дазваляе гэта рабіць.
Еўрарадыё: Цяпер для Украіны актуальнае пытанне свабоднага валодання грамадзянамі зброяй. Як вы лічыце, калі вы ўжо правялі паралель са Швейцарыяй, ці трэба дазваляць людзям мець дома зброю і чаму ўлады не асабліва гэтага хочуць?
Уладзімір Федарок: Мяркую, што ўлада баіцца раздаваць людзям зброю, бо не ўпэўненая ў сваёй моцы ці ў падтрымцы людзей. Гэта трэба рабіць, але падыходзіць да гэтага адказна: абавязковая медыцынская камісія, псіхалагічны настрой чалавека вызначыць. Але зброю раздаваць людзям трэба.
Фота: з архіва Уладзіміра Федарка