Ва Украіне ўрадавая газета апублікавала "не той" указ пра ваеннае становішча
Ва Украіне ўрадавая газета апублікавала "не той" указ прэзідэнта Пятра Парашэнкі пра ўвядзенне ваеннага становішча. Падчас абмеркавання дакумента ў Вярхоўнай Радзе ён неаднаразова істотна карэктаваўся. Спачатку прапаноўвалася ўвесці ваеннае становішча ва ўсёй Украіне на 60 дзён, пасля — на 30. У выніку ў дакуменце засталіся 30 дзён, але ваеннае становішча ўводзіцца толькі ў 10 абласцях, якія мяжуюць з Расіяй і Прыднястроўем. Вярхоўная рада гэты варыянт указа падтрымала, хаця дакумента яшчэ не было (змены ва ўказ агучыў з трыбуны Парашэнка, а падпісаў яго ён толькі ў аўторак). Як інфармуе УНІАН, публікацыя адбудзецца 28 лістапада ў парламенцкай газеце. Нечакана высветлілася, што тэрмін дзеяння ваеннага становішча наступны: з 14:00 26 лістапада да 14:00 26 снежня. Атрымліваецца, што фармальна яно ўжо дзейнічае, але рэальна — толькі пасля публікацыі. А падчас абмеркавання ў Вярхоўнай Радзе агучвалася іншая дата пачатку дзеяння ваеннага становішча — 9:00 28 лістапада...
Што да ўрадавай газеты, дык па факце публікацыі правядуць службовае расследаванне. У сераду яна зноў паспрабуе надрукаваць указ і, найхутчэй, ужо правільны.