Ва Украіне выпусцяць памятныя манеты, прысвечаныя Майдану (фота)
Яны будуць называцца “Рэвалюцыя годнасці”, “Еўрамайдан” і “Нябесная сотня”.
Нацыянальны банк Украіны абвясціў пра выпуск у абарачэнне памятных манет, прысвечаных леташнім пратэстам на Майдане, якія прывялі да змены ўлады ў Кіеве.
Паводле дадзеных партала Нацбанка, з 18 лютага ў абарачэнні з'явяцца тры манеты, прысвечаныя падзеям на Майдане. Яны будуць назвацца “Рэвалюцыя годнасці”, “Еўрамайдан” і “Нябесная сотня”. Усе яны наміналам па 5 грыўняў і выйдуць накладам па 50 тысяч адзінак.
Памятны грашовы знак “Рэвалюцыя годнасці” прысвечаны сілавому супрацьстаянню на Майдане, падчас якога людзі палілі шыны.
Манета “Еўрамайдан” прысвечаная пратэстным акцыям, якія прайшлі ва Украіне цягам лістапада 2013 — лютага 2014 года і былі напоўненыя памкненнем да еўрапейскага кірунку развіцця Украіны.
Манета “Нябесная сотня” прысвечаная памяці герояў, якія сталі сімвалам годнасці і паўсталі супраць гвалту і несправядлівасці, аддаўшы сваё жыццё, інфармуе infoline.ua