Ва Ушачах адкрылася мастацкая выстава, прысвечаная Васілю Быкаву
Яна арганізаваная па выніках мастацкага пленэру, які нядаўна прайшоў на радзіме пісьменніка.
Адметнасць гэтага мерапрыемства ў тым, што сёлета яно праводзілася сумесна з раённымі ўладамі. Адкрыццё выставы адбылося ў музеі Народнай славы. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады на чале з кіраўніком раёна Віктарам Родзічам, мастакі, ветэраны, прадстаўнікі грамадскасці.
Ад імя мастакоў выступіла Святлана Баранкоўская, кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў. Яна выказала падзяку кіраўніцтву Ушацкага раёна, якое дапамагло не толькі ў арганізацыі гэтай выставы, але і ў правядзенні сёлетняга пленэру. У знак удзячнасці кожны з мастакоў падараваў музею па адным сваім творы.
Выстава ва Ушачах будзе доўжыцца месяц, потым працягнецца ў іншых гарадах краіны.