Вады па костачкі: у Віцебску дом заліло праз тры тыдні пасля рамонту даху
Увечары 17 верасня жыхароў дома № 60 па вуліцы Карла Маркса ў Віцебску заліло першым жа восеньскім дажджом. Будынак затапіла з шостага па першы паверх. Вада трапіла ў некаторыя кватэры і пашкодзіла нядаўнія рамонты. А жыхары верхніх паверхаў засталіся без святла, бо заліло і электрашчыткі на пляцоўках.
Пакуль адны тэлефанавалі камунальнікам, іншыя бегалі па пад’езде з вёдрамі і анучамі.
“Лівень быў неверагодны, — расказала Еўрарадыё жыхарка дома. — Прыйшла суседка, маўляў, а што ў нас за ручай у пад’ездзе?! Узялі ліхтарык і пайшлі наверх. Глядзім, а суседзі ўжо тазікі і вёдры падстаўляюць. Па электрашчытку цячэ ручай. Добра, што нікога не забіла! Кватэры зверху затапіла, вады па костачкі было”.
Тры тыдні таму ў доме адрамантавалі дах. Жыхары абураныя: як можа заліць пад’езд пасля рамонту! Мясцовая жыхарка дадае, што звароты ў камунальныя службы і на “гарачую лінію” гарвыканкама ўвечары 17 верасня не дапамаглі. Заяўкі прымалі, але так ніхто і не прыехаў.
“Рабочыя прыйшлі толькі раніцай 18 верасня, — кажуць жыхары. — Ведаем, што адрэагавалі праз тое, што мы сталі фота ў сацсеткі кідаць. Званкі не дапамагалі. Абяцаюць, што будуць усё выпраўляць, бо ў пад’ездзе дагэтуль стаіць вада”.
У Віцебскім ЖЭУ № 16, якое абслугоўвае дом, Еўрарадыё расказалі, што карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі і ведаюць пра праблему.
“Работы ідуць з раніцы, — расказалі ў ЖЭСе. — Пацёк дах, крыццё аказалася пашкоджаным, таму вада трапіла ў пад’езд. Праблема ўжо вырашаная, людзі працуюць. Раён вялікі, колькасць спецыялістаў у нас абмежаваная”.
У ЖЭСе дадаюць, што ўласнікам кватэр, якія пацярпелі, будуць выплачваць кампенсацыі. Як атрымалася, што пад’езд толькі што адрамантаванага дома апынуўся ў вадзе, у арганізацыі растлумачыць не змаглі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.