Валерый Ісаеў: Гэта не той выпадак, калі Расіі трэба выказваць салідарнасць

Валерый Ісаеў: Гэта не той выпадак, калі Расіі трэба выказваць салідарнасць

Беларускі спартыўны эксперт Валерый Ісаеў у эфіры Еўрарадыё пракаментаваў сітуацыю з адхіленнем зборнай Расіі з-за допінг-скандалу ад зімовай Алімпіяды 2018 года ў Пхенчхане і пазіцыю ў гэтай сувязі беларускага боку. Як вядома, “чыстыя” расійскія спартсмены змогуць паўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях пад нейтральным сцягам. Аднак Масква яшчэ не прыняла рашэння, ці пагодзіцца яна на такі варыянт.

Гэта палітыка ці справядлівае пакаранне? Вось што кажа Валерый Ісаеў:

“Я мяркую, што гэта заслужанае пакаранне. Я не бачу тут ніякай палітыкі. І не бачыў на працягу ўсяго гэтага расследавання… Для мяне абсалютна ўсё зразумела, з-за чаго гэта адбылося і каму выгадна нацягваць сюды палітыку.

…Допінг сёння — гэта праблема ўсяго сусветнага спорту, не толькі беларускага, расійскага, еўрапейскага. Розніца толькі ў тым, што ў цывілізаваных краінах таксама знаходзяць спартсменаў, якія карыстаюцца допінгам. Але спартсмены прызнаюцца ў гэтым, іх пазбаўляюць узнагарод і пасля забываюць, як іх завуць, гэтых спартсменаў. Сёння мы назіраем у Расіі іншую сітуацыю, там ніхто не прызнаўся! Хаця б адзін прызнаўся. Гэта смешна. Ніводзін спартсмен не прызнаецца, што ён прымаў допінг. І вельмі шмат спартсменаў, якія злоўленыя на ўжыванні допінгу, знаходзяцца на кіруючых пасадах і ўдзельнічаюць у развіцці спорту ў гэтай краіне. На мой погляд, гэта недапушчальна…

Якая там палітыка, няма там ніякай палітыкі. Палітыка ў тым, што не мы ж будзем прымаць рашэнне, ці паедуць беларусы, хакеісты. Я б прыняў рашэнне, каб паехалі”.

Ісаеў пракаментаваў і прапанову дэпутата Дзярждумы Расіі Віталя Мілонава, каб шэраг краін, у тым ліку і Беларусь, на знак салідарнасці з Расіяй адмовіліся ад удзелу ў Алімпіядзе-2018:

“Чым больш заяў чуеш з гэтай Дзяржаўнай думы Расіі, тым больш хочацца, каб туды таксама камісія Макларэна даехала і правяла там таксама допінг-кантроль. Сыходзячы з таго, што яны там гавораць… Як можна сур’ёзна адносіцца да таго, што кажа гэты дэпутат?! Калі прасачыць яго прапановы па законах, пра што ён гаворыць, як мінімум, гэта выклікае ўсмешку.

Якія адносіны мае Беларусь да таго, што адбываецца ў Расіі? Яны цяпер гавораць пра тое, што мы павінны быць салідарныя з імі… Мы даўно жывем з Расіяй у саюзнай дзяржаве (на сённяшні дзень ёсць і іншыя ўтварэнні сумесныя). Тым не менш, мы лічымся там замежнікамі. Гэта значыць яны згадваюць пра нас тады, калі трэба дзесьці “выцерці”.

Таму я лічу, што калі такі шанец будзе, трэба ехаць і гуляць. Трэба думаць пра людзей, а не думаць пра тых чыноўнікаў, якія ўсе гэтыя гады нажываюцца на алімпіядах.

Думаю, гэта не той выпадак, калі трэба выказваць салідарнасць. Допінг гэта кепска. Трэба прызнацца, зрабіць высновы і рухацца далей. Пакуль мы ад расійскага боку гэтага не бачым”.

Намеснік старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Сяргей Ганчароў заявіў, што зборная Беларусі не хацела б замяніць расійскую каманду на Алімпіядзе (“Мы не хацелі б, як той казаў, будаваць шчасце на чужым горы”). Але калі такая магчымасць з’явіцца, то яна будзе разгледжаная.

Ісаеў: “Калі б выбіралі кіраўніцтва федэрацыі хакея Беларусі, а не прызначалі, можа быць у таго, каго выбралі б, была іншая пазіцыя. Магчыма, ён прыслухоўваўся б да меркавання хакеістаў, заўзятараў. Хаця я не ўпэўнены, што большасць заўзятараў падзяляюць маё меркаванне...

Але я не бачу ніякіх праблем, каб наша каманда паехала на Алімпіяду. І тут палітыка ідзе толькі з боку Расіі. І ў палітыку яны спрабуюць уцягнуць і іншыя краіны, якія, як яны лічаць, мусяць быць з імі салідарныя”.

А што калі ў Паўднёвай Карэі, як раней на Алімпіядзе ў Бразіліі, хтосьці з беларускай дэлегацыі ўздыме расійскі сцяг? Вось што на гэты конт сказаў спартыўны эксперт:

“Я думаю, што такіх кандыдатаў можа шмат з’явіцца. Але мы ж ведаем, адкуль з’яўляюцца такія кандыдаты і хто ім гэтыя ідэі ў галовы ўкладвае. Я нават не буду на гэта глядзець і звяртаць увагу. Мне значна больш прыемна будзе, калі разгорнуць сцяг Беларусі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі