Валерый Карбалевіч: Не рэгістравалі тых, хто мог стаць галаўным болем
Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты падвёў палітолаг Валерый Карбалевіч.
Еўрарадыё: Ці бачыце вы нейкую сістэму ў выбары асобаў, дапушчаных да наступнага этапу кампаніі?
Валерый Карбалевіч: Найперш, я думаю, што тут вельмі значную ролю адыгрываюць мясцовыя вертыкальшчыкі. То бок перад кожным рэгіёнам пастаўленая пэўная задача, скажам, дасягнуць таго, каб у палату прадстаўнікоў былі выбраныя надзейныя людзі, якія загадзя вызначаныя, і пры гэтым каб усё гэта выглядала вонкава прыстойна. Гэтую задачу кожны выканкам вырашае па-свойму. Гэтым часткова тлумачыцца такая стракатая сітуацыя.
Другі момант, я думаю, што па нейкіх вядомых асобах рашэнне прымалася на вышэйшым узроўні. Тут дзейнічае такая логіка: тыя кандыдаты, якія збіраюцца здымацца, скажам, Лябедзька, Марголін, Янукевіч, Кастусёў — іх рэгістравалі, бо ўсё адно яны здымуцца. У выніку, вялікіх праблем, калі будзе рабіцца падлік галасоў, яны не створаць. А кандыдаты, якія абяцалі ісці да канца — Мілінкевіч, Міхась Пашкевіч — іх знялі, каб яны не стваралі галаўнога болю для мясцовай вертыкалі ды выбарчых камісій. Тое ж тычыцца нейкіх свядомых людзей — Яўген Крыжаноўскі, доктар Хадоркін — яны таксама людзі папулярныя, вядомыя і маглі стварыць нейкі галаўны боль для мясцовай вертыкалі ды выбарчых камісій. Каб гэтага не адбылося іх загадзя выключылі.
Еўрарадыё: Атрымліваецца. што вертыкаль падтрымлівае ідэю байкоту прынамсі фінальнай часткі выбараў, калі рэгіструе асобаў, якія і так збіраюцца зняцца, і не рэгіструе тых, хто дэклараваў, што пойдзе да канца? Хаця, яшчэ некаторы час таму лічылася, што байкот — самая нязручная для ўладаў стратэгія апазіцыі.
Валерый Карбалевіч: Бачыце, мясцовая вертыкаль мяркуе крыху ў іншых катэгорыях. Для апазіцыі праблема “байкот—не байкот” вельмі важная, а для вертыкалі, я думаю, важна, каб не было публічнай агітацыі за байкот. А тое, што людзі насамрэч могуць не прыйсці, я думаю, не вельмі хвалюе вертыкаль, як дамагчыся патрэбнага выніку, яны добра ведаюць. Гэта і прымусовыя механізмы, асабліва ў рэгіёнах, сярод студэнтаў, вайскоўцаў, датэрміновае галасаванне ці ў рэшце рэшт прыпісаць галасы. Так што не думаю, што для іх гэта важная праблема.
Еўрарадыё: Але асобы, якія збіраюцца здымаць свае кандыдатуры, таксама збіраюцца агітаваць за байкот?
Валерый Карбалевіч: Я думаю, што ўлады будуць спрабаваць нейтралізаваць гэтую агітацыю за байкот. Калі гэта будзе гучаць падчас тэлевізійных выступаў ці радыёвыступаў, магчыма, будуць гэта выразаць. Агітацыю за байкот будуць усяляк перапыняць, што робіцца ўжо і цяпер.
Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што такая выбарачная рэгістрацыя спрыяе яшчэ большаму раздзяленню апазіцыі. Ці можа гэта быць свядомай стратэгіяй уладаў?
Валерый Карбалевіч: Я не думаю, што ўлады ставілі такую мэту. Сітуацыя такая, што гэты раскол адбываецца натуральным чынам, стыхійна, у апазіцыйным асяроддзі барацьба між сабой нават значна мацнейшая, чым барацьба з рэжымам. Не думаю, што рэгістрацыя ці нерэгістрацыя штосьці моцна змяніла ў гэтай сітуацыі.
Еўрарадыё: Калі параўноўваць гэтую кампанію з папярэднімі, ці змянілася, на вашу думку, стратэгія ўладаў у дачыненні да апазіцыйных кандыдатаў?
Валерый Карбалевіч: Істотна не змянілася, але акцэнты крыху іншыя. У 2008 годзе, папярэдняя выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў праходзіла ў перыяд дыялогу з Еўропай, перыяд так званай лібералізацыі, і таму адмоваў у рэгістрацыі апазіцыйным кандыдатам было значна менш, мінімальна. Цяпер іх значна больш, змянілася палітычная сітуацыя. У 2000 годзе увогуле большасць апазіцыі байкатавала выбары. У 2004 годзе выбары былі спалучаныя з рэферэндумам, што значна больш уплывала на ход кампаніі, чым уласна сама кампанія па выбарах у палату прадстаўнікоў. На кожным гістарычным этапе розная сітуацыя, яна ўплывае на тактыку ўладаў, але, па вялікім рахунку, мала што мяняецца.
Фота: belsat.eu