Варшавяне павіншавалі беларусаў з Днём волі
Прадстаўнікі каля дзесяці нацыянальнасцяў намалявалі для беларусаў і беларускіх уладаў дзве вялікія паштоўкі каля брамы Варшаўскага ўніверсітэту. "Еўропа не кус
Замест адной абяцанай паштоўкі памерам 2,5 на 3 метры каля брамы з’явіліся 2 вялікія планшэты, на якіх кожны ахвотны мог напісаць свае віншаванні і пажаданні. Такім чынам арганізатары хацелі паказаць салідарнасць іншых народаў з беларусамі, якія 25 сакавіка выйдуць на вуліцы Мінска ды іншых гарадоў, каб адзначыць Дзень незалежнасці БНР. Менавіта да гэтых людзей і скіраваная першая паштоўка. А вось другая прызначаная для пасланняў беларускім уладам. Яе адна з арганізатарак акцыі беларуска Вікторыя Хакімава паабяцала перадаць у Беларускую амбасаду ў Варшаве.
Вікторыя Хакімава: “Ініцыятыва “Вольная Беларусь” хоча павіншаваць беларусаў, усіх людзей, якія цікавяцца гісторыяй, культурай і грамадскім жыццём Беларусі, з Днём волі — сапраўдным Днём незалежнасці Беларусі. Мы хочам сказаць, што палякі і ўвесь свет салідарныя з вамі, мы памятаем, які сёння дзень. І мы радыя, што робім гэта ў Польшчы, краіне, якая заўсёды падтрымлівае сваіх сяброў-беларусаў”.
Паглядзець на паштоўку для беларусаў прыйшоў і прадстаўнік Беларускай амбасады ў Варшаве, праўда ад афіцыйных каментароў адмовіўся. Затое падзякаваў за віншаванні з Днём волі ад журналістаў Белсата.
За некалькіх гадзін маляванне святочных паштовак пераўтварылася ў сапраўдную міжнародную акцыю, да якой далучаліся турысты і студэнты з Паўночнай Карэі, Швецыі, Казахстана, Украіны і беларусы, якія жывуць у Варшаве.
Радэк, польскі студэнт: “Я б хацеў пажадаць беларускім уладам, каб яны больш адкрыліся на Еўропу, яна не кусаецца!”
Даша, студэнтка з Казахстана: “Я хачу, сказаць, што ва ўсім свеце павінен быць спакой. А мы, казастанцы, заўсёды падтрымаем беларусаў”.
Вікторыя, беларуска: “Віншую ўсіх са святам і спадзяюся, што калісьці мы зможам адзначаць гэтае свята на нашым пляцы, у Мінску”.
Такім чынам на планшэтах з’явіліся віншаванні на розных мовах свету, малюнкі і нават іерогліфы. Да віншаванняў далучыліся і польскія паліцыянты, якія назіралі за хэпэнінгам з службовага аўтамабіля.
Паліцыянты: “Мы перадаем прывітанне беларусам і жадаем толькі самых светлых дзён!”
Праўда, фатаграфавацца і далучыцца да малявання яны адмовіліся, маўляў: "Прабачце, мы на службе".
Свой след на паштоўках пакінула і Еўрарадыё.
А так выглядала цэлая паштоўка для беларусаў:
А вось другая, скіраваная да ўладаў:
Фота аўтара