Вайна ва Украіне можа прывесці да голаду каля 1,7 мільярда чалавек — ААН
У ААН кажуць пра пагрозу "ў маштабах, нябачаных за апошнія дзесяцігоддзі" / Фота з сацсетак
Вайна ва Украіне можа прывесці да галечы і голаду кожнага пятага жыхара Зямлі. Гэта будзе нястача "ў маштабах, нябачаных за апошнія дзесяцігоддзі", заявіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Яго словы прыводзіць usatoday.com
З голадам і нястачай можа сутыкнуцца да 1,7 мільярда чалавек.
Гутэрыш нагадаў, што Украіна і Расія забяспечваюць да 30% сусветнага вытворчасці пшаніцы і ячменю, пятую частку кукурузы і больш за палову сланечнікавага алею. 45 афрыканскіх і найменш развітых краін да траціны пшаніцы імпартавалі з РФ і Украіны.
Акрамя таго, вайна адбілася і на лагістыцы: закрываюцца парты, спыняецца экспарт збожжа і парушаюцца ланцужкі паставак. Гэта ўсё вядзе да рэзкага росту коштаў. Між тым, нагадаў Гутэрыш, многія краіны, якія развіваюцца, яшчэ не акрыялі ад наступстваў пандэміі COVID-19 — у іх расце інфляцыя.
Між тым, з пачатку 2022 года цэны на пшаніцу і кукурузу ўжо выраслі на 30%. Даражэюць газ і нафта. На думку генеральнага сакратара ААН, Сусветная харчовая праграма сутыкаецца з немагчымым выбарам: "браць у галодных, каб накарміць тых, хто галадае". Спатрэбяцца 8 мільярдаў даляраў для падтрымкі праграм у Емене, Чадзе і Нігеры.
У сувязі з гэтым Гутэрыш заклікаў "усе краіны захоўваць рынкі адкрытымі, супрацьстаяць назапашванню і неапраўданым і непатрэбным абмежаванням на экспарт", а таксама дапамагаць краінам з найбольшай рызыкай голаду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.