Вельмі кароткі дайджэст сусветных навін і дзве загадкі бонусам

Галоўныя і проста цікавыя навіны гэтага дня / калаж Еўрарадыё
Галоўныя і проста цікавыя навіны гэтага дня / калаж Еўрарадыё

Шпіёнская драма ў ЗША, навіна для каранаскептыкаў і адказ на пытанне, куды Уладзімір Пуцін пойдзе з пасады прэзідэнта. Мы вывучылі навінавы парадак дня сусветных СМІ за вас. Вам хопіць пяці хвілін, каб прачытаць гэты кароткі дайджэст.
 

Гадавіна аднаго закона

Угадайце краіну: апазіцыя задушаная, незалежныя СМІ закрыліся або суіснуюць з інстытутам цэнзуры, праваабарончыя арганізацыі распаліся, тысячы жыхароў уцяклі за мяжу. Актывістаў арыштоўваюць хутка. Судзяць марудна. Нямногія адважваюцца публічна выступаць супраць урада.

Гэта Ганконг — праз год пасля прыняцця закона аб нацыянальнай бяспецы.

Гэты закон быў адказам Кітая на мітынгі, якія пракаціліся па ўсім горадзе ў 2019 годзе. Так, у Ганконгу пачалі пратэставаць, калі Віктар Бабарыка яшчэ нават не намякаў на свае планы балатавацца ў прэзідэнты.

Да гэтага дня па артыкулах закона аб нацыянальнай бяспецы былі арыштаваныя 117 чалавек. Больш чым шасцідзесяці ўжо прад'яўленыя абвінавачанні. І гэта пры тым, што актывісты Ганконга з самага пачатку пратэстаў насілі маскі і змагаліся з дэананімізацыяй.

Так, гэта была дэмаралізацыйная навіна.

 

Пуцін расказаў, чым зоймецца на пенсіі

Сёння ў Расіі прамая лінія з Уладзімірам Пуціным. І расіяне даведаліся, што будзе рабіць іх прэзідэнт, калі пакіне пасаду.

"А навошта пасля адстаўкі працаваць? Буду на печы сядзець", — сказаў Пуцін.

А калі менавіта ён плануе засесці на печ, не сказаў. Фармулёўка абцякальная:

"Падыдзе час, і я, спадзяюся, змагу сказаць пра тое, што такі ці такі чалавек, на маю думку, варты ўзначаліць такую выдатную краіну, як наша Радзіма Расія".

 

Навіна, якую каранаскептыкі павінны дачытаць да канца

У Сінгапуры хутка не будуць лічыць заражаных COVID-19. Там вырашылі перастаць турбавацца і пачаць вакцынавацца.

Гэта не значыць, што каранавірус у горадзе-дзяржаве скончыўся. У Сінгапуры проста так стаміліся ад мутацый COVID, што вырашылі: з ім можна жыць. Калі прышчапіцца.

Очень короткий дайджест мировых новостей и две загадки бонусом
Сінгапур доўга стрымліваў рост заражэнняў за кошт сур'ёзных абмежаванняў — і паспяхова / straitstimes

А цяпер папярэджваем каранаскептыкаў: гэта не значыць, што вы ўсё рабілі правільна. Проста ў Сінгапуры былі ну вельмі ўжо жорсткія абмежаванні. Тыя, хто вярнуўся з-за мяжы, павінны былі выконваць найстражэйшы каранцін. Урад нават кожны дзень тэлефанаваў ізалявальным у Wat's Up! А калі не дазвоньваўся, іх штрафавалі. Адсочвалі не толькі заражаных, але і іх кантакты.

Гэта, дарэчы, спрацавала: горад-дзяржава з насельніцтвам 5,7 мільёна чалавек у мінулым месяцы даваў справаздачу: у сярэднім у іх было ўсяго 18 выпадкаў заражэння ў дзень! А з самага пачатку пандэміі там зафіксавана 36 смяротных выпадкаў.

Цяпер жыццё сінгапурцаў будуць ужо не так старанна кантраляваць. У асноўным таму, што спадзяюцца, што яны будуць кантраляваць самі сябе: выконваць правілы гігіены і трымацца далей ад натоўпу ў выпадку дрэннага самаадчування.

 

У параўнанні з Канадай у нас не горача

Мы расказваем пра гэта, каб вы былі больш уважлівыя да свайго самаадчування ў гарачыя дні.

Очень короткий дайджест мировых новостей и две загадки бонусом
У Беларусі чэрвень таксама ўжо пабіў усе тэмпературныя рэкорды, не выходзьце з ценю / Еўрарадыё

Трэці дзень запар тэмпература паветра ў правінцыі Брытанская Калумбія трымаецца вышэй за 49,6 градуса.

І ў дні гэтай беспрэцэдэнтнай спякоты загінулі больш за 130 чалавек.

У Беларусі лета таксама спякотнае. Так што ўважліва стаўцеся да папярэджанняў сіноптыкаў.

 

Шпіёнскі раман

І яшчэ раз угадайце краіну.

"Сачэнне за апазіцыйнымі журналістамі несумяшчальнае з дэмакратыяй", — піша папулярны тэлевядоўца.

Гэтым разам гаворка пра ЗША. Вядоўца тэлеканала Fox Такер Карлсан [яго шоу глядзіць каля 2,9 млн гледачоў. — Еўрарадыё] абвінаваціў у шпіянажы амерыканскае Агенцтва па нацыянальнай бяспецы. Яно нібыта мае планы прыбраць праграму з эфіру. І для гэтага адсочвае электронную камунікацыю каманды, каб спланаваць уцечку.

АНБ абвергла гэтыя абвінавачанні і заявіла, што "Такер Карлсан ніколі не быў разведвальнай мэтай агенцтва". Больш за тое, АНБ наогул не сочыць за сваімі грамадзянамі, яго місія — знешняя разведка.

Карлсан абверг гэта абвяржэнне. І сказаў, што АНБ дзейнічае ў "інтарэсах прыхвасняў разведвальнай супольнасці на CNN і MSNBC".

Рэч у тым, што Fox News пасля прыходу да ўлады дэмакратаў стала апазіцыйным СМІ. А CNN, хутчэй, падтрымлівае парадак дня дзейнай адміністрацыі. У ЗША такія перамены роляў частыя, і гэта нармальна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі