"Вельмі якасная праца". Рэжысёр парада распавёў пра пральныя машыны і ўнітаз
На мінскім парадзе 3 ліпеня шмат каго здзівілі машыны з прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў: лядоўнямі і пральнымі машынамі, мэбляй, мікрахвалёўкамі, ваннай і ўнітазам. Пастаноўкай гэтай, "грамадзянскай" часткі святочнага шэсця, займаўся мастацкі кіраўнік Моладзевага тэатра эстрады Вячаслаў Панін.
"Вельмі якасная праца была. Аднагалосна ўсе ацанілі пасля параду, усе былі вельмі задаволеныя, — распавядае рэжысёр у каментары TUT.by. — Я памятаю першыя парады тэхнікі яшчэ на плошчы Незалежнасці. Мы тады стаялі і глядзелі на гэта маркотнае відовішча. Гэта было гадоў 17-20 таму. Ішлі адзін за адным аўтобусы, тралейбусы, машыны, паныла ішлі, не аформленыя, там пару сцяжкоў тырчала. А цяпер усё ж такі нейкая крэатыўнасць з'явілася ў гэтым руху. Было цікава глядзець".
Што да сантэхнікі, дык рэжысёр сцвярджае, што прадпрыемствы самі вырашалі, якую прадукцыю паказваць. Інсталяцыя на аўтамабілі "Кераміна" з'явілася ўжо на самім парадзе, а на рэпетыцыях унітаза не было.
"Я нават не ведаў пра гэта, гэта была іх ініцыятыва, — прызнаецца Вячаслаў Панін. — Можна было унітазы і не выстаўляць".
"Калі б быў не натуральны ўнітаз, а яго павялічылі, і туды змываліся б усе нашыя заганы... Вось гэта быў бы мастацкі вобраз", — дадае рэжысёр.