Вершы, песні, гукі ханга і дзіджэрыду: у Гомелі адзначылі дзень міру (фота)
21 верасня ў Гомелі прайшла акцыя, назву якой даў лозунг пацыфістаў “Кветкі лепш за кулі”. Музыкі, паэты і танцоры сабралі кола гледачоў каля кавярні “Cup of peace”.
Ідэю міру падтрымаў сваімі вершамі і песнямі Агнявіт Воўк, некалькі кампазіцый выканаў гурт “Бодхі”. Гукамі ханга, а таксама дзіджэрыду ды іншых этнічных інструментаў спрабавалі зрабіць настрой удзельнікі школы дзіджэрыду “Рэха Зямлі”. Тэатр танца Guadrodance прапанаваў гледачам "практыку, якая збліжае людзей".
Час ад часу гучалі антываенныя вершы ў выкананні аднаго з арганізатараў — Аляксандра Курца. Ён падзяліўся меркаваннем, навошта патрэбныя падобныя акцыі.
Курц: “Спачатку ініцыятыва ўзнікла ад “Cup of peace” — “Кубак міру”. Мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня міру. Хочацца, каб людзі памяталі, што ў першую чаргу вельмі важныя мір, любоў, шчасце для кожнага чалавека. Без міру не будзе ні любові, ні шчасця".
У гэты вечар планаваліся таксама паказ фільма Раберта Беніньі “Жыццё цудоўнае” і выступ тэатральнай майстэрні “Сляды”, але з-за недахопу часу яны былі перанесены на наступны дзень.