Ветэран афганскай вайны пікетаваў райвыканкам у Маладзечне

Ветэран афганскай вайны пікетаваў райвыканкам у Маладзечне

Ветэран вайны ў Афганістане Антон Валуевіч 25 лістапада выйшаў да Маладзечанскага райвыканкама і абвясціў, што пачынае галадоўку. На таблічцы, павешанай на грудзях, мужчына звярнуўся да кіраўніцтва раёна з патрабаваннем “вярнуць даўгі за вайну”. Валуевіч мяркуе, што дзяржава павінна выдаць яму бясплатную кватэру, піша "Рэгіянальная газета".

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Раіса Казановіч запрасіла ветэрана да намесніка старшыні Святланы Валько, якая курыруе пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Таксама ў гутарцы прымаў удзел начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргей Бохан. Аднак паразумення яны не знайшлі.

Чыноўнікі распавялі журналісту "РГ", што Валуевіч жыве ў інтэрнаце, але хоча атрымаць кватэру, каб перавезці да сябе маці.

Па словах Валько, ветэрану не адзін раз прапаноўвалі жыллё. "Прапаноўвалі дом, у якім жывуць ветэраны Афганістана, цана для ўсіх адна. Дом заселены, хто крэдыт узяў, хто прыватызаваў, ён адмовіўся. Патрабуе бясплатнае жыллё, толькі льгот гэтых няма. Калі была магчымасць будавацца з дзяржаўнай падтрымкай, ён не скарыстаўся. Уступіў у жыллёва-будаўнічы кааператыў, але не сплаціў ніводнага ўнёску", — тлумачыць чыноўніца.

Старшыня маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Ігар Арабей кажа, што шэраг ільготаў для воінаў-афганцаў скасавалі ў 2007 годзе (насамрэч гэта адбылося ў 2008 годзе. — Еўрарадыё). "Прайшоў час, калі кватэры выдавалі бясплатна. Усе афганцы раёна, акрамя яго, у той ці іншай ступені скарысталіся сацыяльнай гарантыяй на жыллё — хто субсідыяй, хто льготным крэдытам. Я сам станавіўся ў чаргу, было цяжка выплаціць усю суму, але збіраў. А за такую сітуацыю мне сорамна", — каментуе Арабей.

Па яго словах, у Валуевіча два шляхі — стаяць у чарзе райвыканкама і чакаць жыллё, або атрымаць яго ад арганізацыі па рашэнні кіраўніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі