Віцебскага джазмена, які кідаўся пад танкі ў Мінску, аштрафавалі
Віцебскага джазмена Андрэя Ускова, які кідаўся пад танкі ў Мінску, аштрафавалі. Здарэнне адбылося падчас нядаўняй рэпетыцыі параду. Андрэй Ускоў выйшаў на праспект Незалежнасці ў раёне плошчы Якуба Коласа падчас праходжання калоны тэхнікі і быў затрыманы. Як распавёў Ускоў “Нашай ніве”, ён з сябрамі сядзеў на лаўцы, а калі пабачыў танкі, абурыўся.
“…Як вы ўжо надакучылі сваёй зброяй махаць! — кажа музыкант. — Вы нас прымушаеце плаціць падаткі на дармаедства, пры гэтым работы не даючы, а грошы вось сюды ідуць?”. Ён прызнаецца, што быў “трохі нападпітку, але не моцна п’яны”, збіраўся ехаць на Джазавым вечары каля Ратушы, дзе ў той дзень пазней і выступіў. Таксама Ускоў хацеў праверыць, ці паспее спыніцца танк і што яму будзе за выхад на праспект. “Але галоўнае — я супраць любой вайны і зброі. Я — музыкант… Пры гэтым я не адношуся ні да якой палітычнай арганізацыі…”, — кажа Ускоў.
У выніку маладога чалавека аштрафавалі за пераход вуліцы ў неналежным месцы. Падчас затрымання ніякіх пашкоджанняў ён не атрымаў.